У Жабінкаўскім раёне аператыўнай групай упраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці ліквідавана схованка чорных капальнікаў.
Як паведаміў кіраўнік прэс-службы ўпраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці Міхаіл Шаркоўскі, закапаныя ў зямлі выбухованебяспечныя прадметы былі знойдзены 15 сакавіка ў лясным масіве блізу вёскі Непакойчыцы. "У схованцы знаходзіліся чатыры артылерыйскія снарады калібру 76 мм, ружэйная граната, дзевяць узрывальнікаў да артылерыйскіх снарадаў і 18 кг артылерыйскага пораху. Усе яны часоў Вялікай Айчынай вайны. Боепрыпасы і выбуховыя рэчывы знішчаны спецыялістамі сапёрна-піратэхнічнай групы", — сказаў Шаркоўскі.
Паводле яго слоў, гэта першая сёлета буйная канфіскацыя выбухованебяспечных прадметаў супрацоўнікамі УКДБ па Брэсцкай вобласці.
"У 2011 годзе ў межах працы па выяўленні каналаў незаконнага паступлення і распаўсюджання баявых сродкаў паражэння, паводле інфармацыі УКДБ, у рэгіёне было выключана з незаконнага абароту і знішчана 80 адзінак зброі, прыкладна 5 тысяч адзінак боепрыпасаў і больш за 38 кг выбуховых рэчываў", — паведаміў Шаркоўскі.