Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі праводзіць праверку па факце абнародавання дакумента з матэрыяламі нарады ў прэзідэнта, якая нібыта адбылася 15 сакавіка. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Артур Стрэх.

Правяраюцца сапраўднасць дакумента, магчымыя каналы ўцечкі інфармацыі.

20 сакавіка ў інтэрнэце з’явілася ксеракопія пераліку пытанняў для абмеркавання на нарадзе ў Лукашэнкі. Нібыта 15 сакавіка ў кіраўніка дзяржавы павінна была ісці размова пра бягучы стан дыялогу «Беларусь — ЕС», планы Еўрасаюза па ўзмацненні санкцый адносна Беларусі 23 сакавіка, пра ступень гатоўнасці магчымых мер рэагавання ў адказ. Да іх, мяркуючы па дакуменце, адносяцца меры дыпламатычнага ўздзеяння, у прыватнасці пытанне ўдзелу краіны ва Усходнім партнёрстве, агульныя гандлёва-эканамічныя меры, тэма транзіту, сумесныя дзеянні ў межах Адзінай эканамічнай прасторы, кропкавыя эканамічныя абмежаванні адносна канкрэтных замежных юрыдычных і фізічных асоб.

У абнародаваным дакуменце ўказаны блок пытанняў для абмеркавання з Расіяй на вышэйшым узроўні. Да іх адносяцца: паглыбленне палітычнага ўзаемадзеяння і забеспячэнне палітыка-дыпламатычнай падтрымкі: вынікі ўдзелу ў АЭП, Еўразійскі эканамічны саюз, перспектывы адзінай валюты; блок пытанняў абароннага і ваенна-тэхнічнага комплексу, падыходы па ПРА, Паўночны маршрут дастаўкі грузаў для групоўкі ў Афганістане; узмацненне ўзаемнай прамысловай кааперацыі, тэма ўдзелу Расіі ў прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў; выкарыстанне расійскай інфраструктуры для транзіту беларускіх тавараў, тэма зніжэння тарыфаў на транспарціроўку чыгуначным транспартам у напрамку расійскіх партоў.

Яшчэ адно пытанне, якое нібыта абмяркоўвалася ў прэзідэнта 15 сакавіка, — далейшае развіццё стратэгічнага партнёрства з Кітаем і павелічэнне здзелак з юанем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?