Алег Груздзіловіч прысутнічаў на ўсіх пасяджэннях па справе Дзмітрыя Канавалава і Улада Кавалёва. Цяпер на сайце радыё «Свабода» штодня выхо-дзяць раздзелы ягонай кнігі «Хто ўзарваў мінскае метро?»

Алег Груздзіловіч: Працэс быў цікавым, гучным. Ён закончыўся, а людзі ўсё адно не вераць. Сябры не вераць, дзеці не вераць. Вось і даводзілася ім на пальцах тлумачыць, што там было. Самому аналізаваць, чуць меркаванні іншых людзей.

«Наша Ніва»: Пытанняў справа пакінула шмат?

АГ: Дастаткова. Нестыкоўкі былі нават у галоўных доказах віны, як відэа. Здавалася б, там усё відавочна. Вось чалавек з сумкай, потым яе пакідае, нешта націскае ў кішэні, гучыць выбух. Размаўляеш потым з судэкспертам і бачыш, што тут нешта наклалі, там выразалі тры секунды. На працэсе пракурор разбіраў відэа з метро, а вось зрабіць гэта адвакату адмовілі. Чаму? На гэтае відэа часта спасылаюцца сваякі ахвяр, простыя людзі. Маўляў, там усё відаць. А на справе ж пытанні застаюцца.

«НН»: А што яшчэ?

АГ: Загадкавым застаецца пытанне, ці мог сам Канавалаў стварыць такую бомбу. Мне літаральна сёння [20 сакавіка — «НН»] тэлефанаваў навуковец-хімік, які пераконваў, што зрабіць з салетры такое прыстасаванне проста немагчыма. А вось тэрарыст яшчэ савецкай загартоўкі Ханжанкоў[атрымаў 10 гадоў за спробу ўзарваць мінскую «радыёглушылку» ў 1960-я — «НН»] пераконвае, што ў свой час бомбы яны рабілі якраз на базе салетры. Тады яе немагчыма было знайсці ў магазінах, а вось на палях яе былі поўныя мяхі. Розныя меркаванні.

«НН»: А Вы даяце адказ на пытанне, хто ўсё ж узарваў метро?

АГ: Пакуль гэта немагчыма. У пэўным сэнсе суд, як царква: нехта верыць, а нехта — не.

«НН»: Дык хаця б адказ на пытанне, ці мелі Кавалёў з Канавалавым дачыненне да выбуху можна даць?

АГ: Мелі. Відавочна, без іх не абышлося. Хаця роля Кавалёва менш пэўная.

«НН»: Кропка ў справе пастаўленая пасля расстрэлу хлопцаў?

АГ: З афіцыйнага боку — так. Калі прагучыць новы выбух, то тады ні пра якую кропку гаварыць не выпадае. Калі ў 2005 у Віцебску прагучаў першы выбух, то мы паставіліся неяк з недаверам, думалі, бандыты. У 2008-м было больш сур’ёзна, але без ахвяр. У выніку гэта ўсё вылілася ў 11 красавіка 2011.

«НН»: Якое Вашае стаўленне да выканання прысуду?

АГ: Нават калі пагадзіцца з судом, то роля Кавалёва застаецца другаснай ці нават трэцяраднай. На допытах Кавалёў казаў, што спрабаваў адгаварыць Канавалава ісці. Казаў: «Можа, не пойдзеш?» Ён відавочна не заслугоўваў смяротнага пакарання. Можна было чакаць даўжэй, не прыводзіць у выкананне гэты прысуд. Хаця, магчыма, зрабілася гэта для таго, каб прадэманстраваць наш асаблівы шлях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?