Мой інтарэс — старадаўнія могілкі. Дзе б я ні быў, імкнуся заўжды наведаць найперш іх. Тут мяне цікавіць усё: ад крыжоў, надмагільляў, агароджаў да сьціплых біяграфічных зьвестак.

Краязнаўца Міхась Карпечанка прапанаваў наведаць могілкі блізу дзьвюх бялыніцкіх вёсак: Заазер’я ды Карманоўкі. Клады ў Заазер’і надзвычай старыя. Старажылы ня памятаюць, калі на іх хавалі. Выгляд могілак пра тое кажа сам. Калі б не вялізны крыж, высечаны з каменя, яны б ужо даўно зьніклі ў лясных нетрах. Урэшце, і на яго ня кожны зьверне ўвагу. Ён стаў часткай лесу. Замшэлы, як і не стары яшчэ ельнік, ён упарта нясе сваю варту пры лясной дарозе.

Маладыя жыхары навакольных вёсак пры згадцы пра гэтыя могілкі сарамліва паціскаюць плячыма: ня ведаем. Нічога пэўнага ня могуць сказаць і старыя.

Міхась Карпечанка з усьмешкай пераказвае легенду. Нібыта крыж — напамін пра напалеонаўскага генерала, які загінуў, калі французкае войска ў 1813 годзе адыходзіла на захад. Наўрад ці гэта праўда.

Пасечаны часам крыж стаіць. Але яшчэ дзясятак гадоў — і ён абрынецца, зарасьце мохам, як і яго сьціплыя суседзі. У гэтым, відаць, і ёсьць прыродная справядлівасьць: на гэтым сьвеце вечнага няма.

На другіх могілках, блізу Карманоўкі, хаваюць. Спарахнелыя драўляныя крыжы суседзяць з каменнымі крыжамі ды надмагільнымі камянямі.

Міхась Карпечанка зьезьдзіў Бялыніцкі край уздоўж і ўпоперак. Ён кажа, што ў лясах, на балотных выспах каменных знакаў процьма. Не адзін калгасны плуг быў зламаны на курганах аб велізарныя камяні зь невядомымі надпісамі.

Спадар Карпечанка перакананы, што яны як гісторыка‑культурная спадчына павінны скласьці музэйныя экспазыцыі. Справа за малым: тыя экспазыцыі арганізаваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?