Палітык правёў 2 гады і 5 пяць месяцаў за кратамі за «хуліганства» — за ўдзел у шэсці да ізалятара на Акрэсціна 25 сакавіка 2006.

«Наша Ніва»: Калонія «Віцьба-3», у якой Вы сядзелі і дзе цяпер знаходзіцца Андрэй Саннікаў, вылучаецца асаблівымі ўмовамі для палітвязняў?

Аляксандр Казулін: Да палітвязняў заўсёды асаблівае стаўленне. Турма — такое месца, дзе нічога не схаваеш, бо там усё залежыць ад таго, як ты сам сябе паводзіш.

«НН»: Тады, у 2006—2008, адміністрацыя калоніі карысталася такімі метадамі, як шантаж, перавод у камеру да асуджанага з нізкім статусам?

АК: За той час, калі я там быў, людзі, якія маглі са мной сябраваць, высылаліся ў іншыя калоніі альбо іх садзілі ў ШІЗА. І такіх выпадкаў было дастаткова. У адміністрацыі ёсць розныя метады ўздзеяння на псіхалогію. Больш за тое, там існуе цэлая група, якая аналізуе псіхалагічны стан і адносіны да тых ці іншых асобаў. Таму падыходы вельмі сур’ёзныя. І гэта меры, якія сыходзяць з асаблівасцяў характару асобы, на якую збіраюцца ўздзейнічаць.

«НН»: Ад сённяшніх палітвязняў патрабуюць падпісаць прашэнні аб памілаванні. Ад Вас патрабавалі?

АК: Было шмат патрабаванняў. Але там усе добра разумелі, што гэтага не атрымаецца. А на выпадак, калі будзе выдадзены указ аб маім памілаванні, я падрыхтаваў жорсткі ліст. Да адміністрацыі і таму, хто мог бы падпісаць такі указ. Бо я не збіраўся прымаць памілаванне.

«НН»: Адправілі тады ліст?

АК: Не. Уся справа ў тым, што калі я выходзіў, то лічыў, што толькі на паваханне майго цесця. Як тое было і з пахаваннем маёй жонкі [А. Казуліна адпускалі на 3 дні з калоніі для развітання з жонкай у лютым 2008]. І для мяне стала нечаканым, што я выйшаў назусім. Бо мне сказалі збірацца не з усімі рэчамі. А гэта азначае, што ты выходзіш на некаторы час.

«НН»: Як мяркуеце, Лукашэнку падпісаныя вязнямі прашэнні аб памілаванні прынясуць нейкае маральнае задавальненне, ці гэта трэба для таго, каб паказаць зламанасць вязняў?

АК: Трэба ведаць псіхалагічны стан характару той асобы, якая гэта патрабуе. Гэта і тое, і другое.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?