Канфлікт можа выбухнуць нечакана, а яго вынікі прывядуць да карэнных зьменаў у сьвеце.

Даклад Міжнароднай агенцыі па атамнай энэргіі аб намаганьнях Ірану па ўзбагачэньні ўрану амэрыканскае кіраўніцтва выкарыстала, каб заклікаць да ўвядзеньня больш жорсткіх санкцыяў у дачыненьні да гэтае краіны. Супрацьстаяньне Ірану і Амэрыкі абвастраецца. ЗША дасылаюць у раён Пэрсыдзкай затокі новыя войскі, на адрас Тэгерану гучаць абвінавачаньні ва ўмяшаньні ў ірацкія справы. Тэгеран адказвае разгортваньнем шматмільённых праграмаў дапамогі Іраку, дражніць амэрыканскія караблі ля сваіх берагоў дый ладзіць выпрабаваньні ракетнай тэхнікі і манэўры. Эўрапейскія краіны пагаджаюцца з амэрыканскімі патрабаваньнямі аб нефармальным абмежаваньні эканамічных адносінаў зь Іранам.

Чаму вайна можа выбухнуць нечакана?

Вядома, грамадзкая думка ў сьвеце і ў Амэрыцы не гатовая да гвалтоўнага сутыкненьня Амэрыкі і Ірану, а абгрунтаваць сілавыя дзеяньні супраць Тэгерану ААНаўскімі рэзалюцыямі ЗША ў бліжэйшы час ня змогуць. Але ваеннае сутыкненьне, на думку стэнфардзкага палітоляга Абаса Мілані, можа адбыцца зусім неўзабаве.

Па‑першае, насамрэч замежнапалітычныя рашэньні часьцяком прымаюцца насуперак грамадзкай думцы вузкім колам нават не спэцыялістаў, а проста далучаных да ўлады людзей. А яны могуць кіравацца далёкімі ад жыцьця ўяўленьнямі ці перасьледаваць сваю прагматычную ці ідэалістычную праграму.

Прыхільнікі амэрыканскага ўварваньня ў Іран перакананыя, што ўжо самое ўмацаваньне амэрыканскае прысутнасьці ў ваколіцах Ірану надоечы падштурхнула іранскі рэжым да прымірэнчых крокаў — што дыпляматы не зрабілі за гады, пара караблёў зрабіла за некалькі тыдняў. Маўляў, тамтэйшы рэжым хістаецца на гліняных нагах і разваліцца ад першага ваеннага штуршка. А мо’ і проста капітулюе, калі працягваць нарошчваць вайсковы ціск.

Па‑другое, пры нарошчваньні амэрыканскай прысутнасьці вакол Ірану і імкненьні абедзьвюх краінаў прадэманстраваць адна адной свае сілы ўзьнікае пагроза выпадковай вайны, якая разьвяжацца сама сабой, напрыклад, з‑за непаразуменьня. Альбо ў выніку правакацыі, зробленай невялікай групай індактрынаваных ваяўнічымі ідэямі вайскоўцаў з таго ці іншага боку — як ужо было з «Танкінскім інцыдэнтам», што стаў пачаткам віетнамскае вайны. Тады, у 1964 г., у абстаноўцы напружанага процістаяньня сілаў камуністычнага Ханою і Вашынгтону ў Танкінскай затоцы для пачатку вайны было дастаткова паведамленьня пра напад катэраў камуністычнага Віетнаму на амэрыканскія караблі. І няважна, што пазьней сэнацкае расьсьледаваньне абвергла праўдзівасьць гэнага нападу.

Разумеючы, што з павелічэньнем колькасьці амэрыканскіх караблёў і вайсковых аддзелаў у ваколіцах Ірану расьце верагоднасьць выпадковых сутыкненьняў, апанэнты ўварваньня крытыкуюць гэтую палітыку. Да таго ж, дасылка новых сілаў выклікае падозраньні наконт існаваньня гатовых плянаў уварваньня. Новыя пляны бясьпекі ў Іраку могуць дапамагчы схаваць перагрупоўку сілаў напярэдадні ўварваньня ў суседнюю краіну. Краіне, што ўжо ваюе, лягчэй схаваць свае пляны новых войнаў у хаосе тых войнаў, якія яна ўжо вядзе. Мірная краіна не патрапіць незаўважна правесьці пераўзбраеньне, мабілізацыю, вышкал, перагрупоўку і высоўваньне на баявыя пазыцыі, не прыцягнуўшы да сябе ўвагі. Таму вайна ў Іраку можа быць як адмоўным, так і дадатным чыньнікам у падрыхтоўцы Вашынгтонам вайны з іранскім рэжымам.

А бойні ў Багдадзе зусім не абавязкова будуць замінаць уварваньню ў яшчэ адну краіну. Па‑першае, на значнай частцы тэрыторыі краіны хаосу няма — у курдзкіх правінцыях, а на поўдні ён мае абмежаваны характар, да таго ж новыя шыіцкія палітычныя эліты ў прынцыпе хутка могуць забясьпечыць у краіне адносную цішыню, усталяваўшы крывавую дыктатуру. Па‑другое, няскончаныя аўганскія справы не перашкодзілі ЗША пачаць кампанію супраць Садама, а цяпер яшчэ і разгарнуць барацьбу з самалійскімі ісламістамі. Ступень рацыянальнасьці палітыкі вайсковага ўмяшаньня ва ўсё новыя і новыя краіны зьмяняецца ў залежнасьці ад тых мерак, якімі вы яе ацэньваеце.

Чаму ЗША могуць не перамагчы ў Іране?

Нягледзячы на сьмеласьць амэрыканскіх плянаў дэмакратызацыі Блізкага Ўсходу і майстэрскае выкарыстаньне наяўных сілаў, магчымасьці Вашынгтону ў вайсковым пляне застаюцца абмежаваныя, дзеля чаго ў сярэдзіне сьнежня прэзыдэнт Буш і абнародаваў пляны павелічэньня колькасьці амэрыканскага войска. Праўда, дзеля разгортваньня новых сілаў патрэбныя многія гады — на фармаваньне частак, камплектацыю афіцэрамі і спэцыялістамі і г.д. А вайна ідзе ўжо сёньня.

Пасьля Іраку амэрыканцам ужо не даводзіцца спадзявацца на эўрапейскіх хаўрусьнікаў. Эфэктыўнасьць арабскіх сяброў Амэрыкі заўжды была невысокай, як выразна паказала ірацка‑іранская вайна 1980‑х гадоў, калі ўвесь арабскі і заходні сьвет дапамагаў марным спробам Садама адолець ізаляваны ад усяго сьвету рэвалюцыйны Тэгеран. Таму ў сутыкненьні зь Іранам разьлічваць амэрыканцам варта толькі на сябе.

Іран у разы большы за Ірак ці Аўганістан. У краіне хапае незадаволеных тамтэйшым рэжымам, але калі яшчэ гадоў пяць таму гэтая незадаволенасьць збольшага была зьвязаная з жаданьнем пабачыць «Буша‑вызваліцеля», дык цяпер расьце скептыцызм наконт здольнасьці амэрыканцаў гвалтоўным шляхам ажыцьцявіць чаканыя пераўтварэньні таксама і ў Іране.

Гэта зьвязана акурат зь вельмі непрывабнай карцінкай ірацкіх падзеяў. Ірак у іранскай палітыцы чымсьці нагадвае Беларусь у расейскай. Маскоўскім палітыкам цяжка зьмірыцца зь незалежнасьцю Беларусі, а многія іранскія кіраўнікі доўга яшчэ будуць ставіцца да «таксама шыіцкага» Іраку як да «блізкага замежжа». Ірак, што існуе як асобная краіна толькі з 1930‑х гадоў, заўжды меў як цесныя сувязі зь Іранам, так і доўгую гісторыю канфліктаў ды нянавісьці. Шыіцкае насельніцтва абедзьвюх краінаў вольна вандравала паміж краінамі да прошчаў, дэкляруючы сваё братэрства, каб пасьля страляць адзін у аднаго падчас шматгадовай вайны. Ірак адасобіўся граніцай толькі калі да ўлады ў Багдадзе прыйшоў Садам, які ўпершыню ў гісторыі паставіў кардон на мяжы з Іранам, надзейна яго замінаваўшы.

Паводле гістарычных мерак гэта было нядаўна. Таму нават іранскія апазыцыянэры чуйна рэагуюць на разьню ў Багдадзе. І ня хочуць такога разьвіцьця падзеяў у сваёй краіне. Цягам мінулых некалькіх гадоў Амэрыка страціла аўтарытэт сярод праціўнікаў іранскага рэжыму, якія чакалі ўсталяваньня ў суседнім і такім блізкім Іраку дэмакратычнай рэспублікі — правобразу сваіх мараў аб будучыні Ірану, а атрымалі жахлівую карціну грамадзянскай вайны.

Так амэрыканскія жаўнеры страцілі галоўнага хаўрусьніка, які гарантаваў ім перамогу — апазыцыйна настроенае насельніцтва. Іранскі рэжым цяпер можа выстаяць, бо дзяржаўны лад гасіць многія праявы незадаволенасьці, пакідаючы прастор для канкурэнцыйнай палітыкі, а краіна ня надта гладка, але самастойна разьвіваецца. Прыбыткі ад продажу нафты далі Тэгерану добрыя нафтавыя грошы, каб разбудаваць ладны абарончы патэнцыял, а таксама дамагчыся значнага ўплыву ў рэгіёне і сьвеце. Зрэшты, як паказваюць падзеі ў Іраку, Іран захаваў свой патэнцыял і ў галіне асымэтрычнай, партызанскай вайны.

Таму ўварваньне ў Іран для ЗША вельмі рызыкоўная прыгода. Выдаткаваўшы значныя рэсурсы і не дасягнуўшы істотных посьпехаў, ці яшчэ горш — пацярпеўшы паразу, ЗША страцяць свае пазыцыі ў рэгіёне Блізкага Ўсходу, што мае ключавое значэньне дзеля амэрыканскае палітыкі ва ўсім сьвеце. Блізкі Ўсход пяройдзе пад яшчэ мацнейшы іранскі ўплыў.

Нехта скажа, ЗША хутка ачомаліся ад паразы ў віетнамскай вайне, таму нават магчымая няўдача зь Іранам можа быць часовым адступленьнем. Але параўноўваць гэтыя выпадкі нельга. Страціўшы пасьля віетнамскай вайны Індакітай, ЗША страцілі аграрныя краіны, багатыя на бамбук. Пацярпеўшы паразу ў Іране, Вашынгтон страціць кантроль над значнай часткай жыцьцёва важных і ўсё меншых запасаў энэрганосьбітаў.

І яшчэ, віетнамская параза мела месца ва ўмовах двухпалярнага сьвету, які стабілізаваў любыя падзеі. Існавалі такія сабе два полюсы, і калі якая краіна адыходзіла ад аднаго полюсу, дык ёй трэба было альбо трымацца сярэдзіны альбо прыляпіцца да процілеглага полюсу. Свайго полюсу яна не стварала. Але пасьля таго, як полюс застаўся толькі адзін, сытуацыя зьмянілася, і нават Кітай ды Расея былі пакуль вельмі асьцярожныя з сваімі амбіцыямі ствараць уласныя полюсы. Калі амэрыканскі полюс аслабне, у многіх дзяржаў узьнікне спакуса і магчымасьці самім стаць гэтымі «магнітамі» і перадзяліць сьвет. Тады канфрантацыя набудзе глябальны размах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?