Сям'я Радкевічаў у 2009 г. Уночы з 11 на 12 лютага 2009 года, у Беларусі прайшла першая аперацыя па трансплантацыі сэрца. «Мне тры гады!» — кажа цяпер пра сябе Наталля Радкевіч — першы чалавек, якому перасадзілі сэрца ў нашай краіне.

Сям'я Радкевічаў у 2009 г. Уночы з 11 на 12 лютага 2009 года, у Беларусі прайшла першая аперацыя па трансплантацыі сэрца. «Мне тры гады!» — кажа цяпер пра сябе Наталля Радкевіч — першы чалавек, якому перасадзілі сэрца ў нашай краіне.

Сёння яе сям’я ледзь зводзіць канцы з канцамі.

«Мой бульдозер з лістапада стаіць на рамонце. Я атрымліваю 1 мільён 100 тысяч. Скажыце, ці рэальна ўчатырох пражыць?

Наталля па другой групе інваліднасці 500 тысяч з капейкамі атрымлівае. І я 1 мільён 100 тысяч,
 — скардзіцца Юрый Радкевіч, муж Наталлі, які працуе на будоўлі станцыі метро „Міхалова“. — Я не люблю скардзіцца. Не люблю, калі трэба прасіць дапамогі. Нас у матулі было восем дзяцей. Я прайшоў і дзіцячы дом, і інтэрнат. Я прызвычаіўся ўсё зарабляць сам… Але тут атрымліваецца, што я б’юся-б’юся, а плёну ніякага…»

Летась Наталля здзяйсняе сваю даўнюю мару: перабіраецца з Клецка ў Мінск.

Больш не трэба двойчы за месяц выдаткоўваць з сямейнага бюджэту грошы на абавязковыя вандроўкі ў сталічны кардыялагічны цэнтр.
Наталля крыху сумуе па сваім горадзе, у якім было шмат кветак. Хаця кветкі ў якасці падарунку жанчына не любіць: забараніла мужу дарыць іх нават тады, калі нараджаліся дзеці — Рыгор і Мікіта.

Юрый узнавіўся на працы ў «Метрабудзе», ад якога яму далі блок у інтэрнаце. Разам з дзецьмі і паралізаванай матуляй Наталля жыве ў двух невялічкіх пакоях.

«За інтэрнат трэба плаціць 250 тысяч за месяц. Каб заробак быў большы, гэта б не так адчувалася. А тут не паспееш яго атрымаць, а кошты ў два разы — раз! І не ведаеш, як яго дзяліць…

Лекі трэба, тое трэба, і гэта трэба… Старэйшы сын заканчвае 9-ы клас. Яму трэба камп’ютар? Трэба! Узяў камп’ютар у крэдыт», — працягвае Юрый Радкевіч.

А дзе камп’ютар, там і інтэрнэт. У сусветным сеціве Юрый аднойчы прачытаў, што ягоная жонка… памерла!

«Адзін нехта сказаў, і пайшло, і пайшло… Мне знаёмыя патэлефанавалі тады. І кажуць: «Баяліся табе тэлефанаваць! Набіраем нумар і баімся, а раптам ты не паднімеш…» — адгукаецца Наталля Радкевіч.

Штогод выдаткі Радкевічаў на лекі істотна павялічваюцца падчас эпідэміі грыпа. Зараз Наталля прастуджаная. Калі на медычныя прэпараты, якія неабходна прымаць пасля аперацыі па перасадцы сэрца, дагэтуль дзейнічае зніжка ў 90%,

дык усе іншыя лекі жанчыне даводзіцца набываць за свой кошт.

Наталля Радкевіч: «А ведаеце, калі мы пачынаем хварэць… Антыбіётыкі таксама вельмі дарагія. Да таго ж, можна далёка не ўсе. „Амаксіклаў“ можна, калі тэмпература, калі зубы лячыць ці якое-небудзь невялікае хірургічнае ўмяшальніцтва».

Але не кошты на антыбіётыкі найбольш турбуюць жанчыну. У малодшага сына Мікіты, якому ўлетку споўніцца 4 гады, таксама пачаліся праблемы з сэрцам.

Каб дапамагчы сям’і, жанчына згодная нават выйсці на працу. Тым больш, што нядаўна ёй змянілі групу інваліднасці: з 1-й на 2-ю — і, адпаведна, зменшылася пенсія…

Наталля Радкевіч: «Я і мужу казала, і іншым людзям. Вядома, я выйшла б працаваць. Але праца нам трэба лёгкая. І можна працаваць толькі 4 гадзіны. Дзе такую можна знайсці? Калі звяртаешся ў МРЭК, яны нічога не даюць. Кажуць, пагартайце паперы, пашукайце… Знайсці гэтую „лёгкую працу“, нават каб вахцёркай дзе-небудзь уладкавацца, вельмі складана».

І ўсе гэтыя тры гады сям’і Радкевіч дапамагаюць… простыя людзі.

«У нас ёсць два чалавекі, якія нам як-небудзь дапамагаюць. Сям’я з Гомеля і адна жанчына са Светлагорска», — распавядае Юрый Радкевіч.

У 2009 годзе ў Беларусі правялі 11 аперацый па перасадцы сэрца. У 2010 годзе іх было ўжо 22. Унікальная пацыентка, з якой у нашай краіне пачаліся трансплантацыі сэрца, просіць у людзей дапамогі.

Скантактавацца з Радкевічамі можна па тэлефоне +375 33 6683071 (Юрый Анатолевіч).
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?