У Мінску вечарам 21 сакавіка затрыманы актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Мікіта Каваленка.
«Ён быў затрыманы ў метро на станцыі „Кастрычніцкая“, — паведаміла БелаПАН актывістка кампаніі Марыя Касьян. — Мікіта паспрабаваў размясціць улётку з заклікам узяць удзел у святкаванні Дня Волі 25 сакавіка. Супрацоўнік міліцыі затрымаў яго і даставіў ва ўпраўленне ўнутраных спраў на транспарце. Там на Мікіту склалі пратакол па арт. 21.14 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне правілаў утрымання населеных пунктаў) за тое, што ён нібыта смяціў, а затым яшчэ адзін пратакол, па арт. 17.1 КоАП (дробнае хуліганства), за тое, што ён нібыта лаяўся матам».
Судзіць Мікіту Каваленку павінны сёння ў судзе Цэнтральнага раёна. «Цяпер яго прывезлі ў суд у наручніках, як злачынцу», — паведаміла Касьян.
Яна таксама адзначыла, што перад затрыманнем Мікіта купіў білеты на цягнік у Калінкавічы — збіраўся наведаць бацькоў.