10 сакавіка ў адной з найбольш знакамітых канцэртных заляў Менску мае прайсьці вялікі канцэрт з падборкай найлепшых нумароў зь нядаўна ўзьніклай на АНТ гумарыстычнай праграмы «Comedy club». Гледачоў настойліва запрашаюць прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве або хоць бы глядзець сам «Comedy club» вечарамі ў нядзелю. Паддаўшыся ўзьдзеяньню такога актыўнага «тэлевізійнага спаму», я вырашыў дачакацца нядзельнага вечара і пазнаёміцца з новым тэлепраектам.
Гумар, які гучаў са сцэны, я абмяркоўваць не хачу. Яго проста не было. Хіба ж можна назваць гумарам гісторыю дзяўчынкі, якая засунула ў рот свайму дзеду пажарнае рукаво за тое, што той патапіў кацянятак. За палову гадзіны перадачы выступоўцы ня менш як дзесяць разоў выкарыстоўвалі адборны «русский мат», ды такі, што гукарэжысэры вымушаныя былі яго заглушаць. Чаго вартая толькі прымаўка: «Этого не может быть. Пили, бл…, и будем пить». У перапынках паміж нумарамі на сцэне танцавалі прафэсійныя стрыптызэркі ў адзеньні, якое толькі зь вялікімі агаворкамі можна назваць сукенкамі. За дзеяньнем назіралі гледачы — жыцьцярадасныя загарэлыя дзеўкі і хлопцы зь менскай багемы, з тых, што любяць пабавіць час у дарагіх барах ды пакатацца на лыжах у «Сілічах».
Гм, падумаў я, выключыўшы тэлевізар, атрымоўваецца надзвычай цікава: днём нам баюць пра разлажэньне маралі ў подлай Амэрыцы і Эўропе, а пад вечар падкідваюць пошласьць, якую ўбачыш не на кожным амэрыканскім канале.
Нешта падобнае дзеецца і на радыё. Да прыкладу, «жыцьцёвыя» гісторыі зь «Сямейнага радыё», якія пасьля прапануецца слухачам абмеркаваць, чым тыя пасьпяхова й займаюцца: «Дзяўчына Сьвета ў свае сямнаццаць гадоў надта пакахала бізнэсоўца Сяргея, якому было трыццаць пяць і які меў жонку ды дваіх дзяцей. Яны сустракаліся (цяпер у нас гэта называецца «сустракаліся» — А.П.), аж пакуль Сьвеце ня стукнула трыццаць, а Сяргей усё ніяк не хацеў браць развод са сваёй жонкай. І вось парадзьце, што рабіць няшчаснай Сьвеце: ці разьбіць цяпер сям’ю Сяргея, ці знайсьці сабе новага бізнэсоўца».
Жах ахоплівае, якія тэмы мы спакойна абмяркоўваем на сваіх кухнях. Мы, унукі сялян, якія па пяцьдзясят гадоў жылі са сваімі нарачонымі і выхавалі нашых зусім нядрэнных бацькоў. Мы ўжо зьмірыліся з тым, што больш чым 30% маладых беларусаў бяруць шлюб толькі тады, калі нявеста носіць пад сэрцам малое. Пра аборты нават гаварыць не прыходзіцца. І мы ўсё гэта ўспрымаем як данасьць.
Калі вы раптам думаеце, што прыведзеныя факты — хутчэй выключэньне, чым тэндэнцыя, то моцна памыляецеся. Маю ні з чым не параўнальны прыклад са сфэры «высокага мастацтва». Зь лістапада леташняга году гарадзенскі драматычны тэатар дэманструе знакамітую трагедыю Янкі Купалы «Раскіданае гняздо». Беларускія п’есы ставяцца ў ГДТ нячаста, болей цяпер паказваюць спэктакляў іншага кшталту, да прыкладу, камэдыю нейкага сучаснага ангельскага драматурга «Занадта жанаты таксіст», якую, дарэчы, гарадзенскае ідэалягічнае начальства ўхваліла без ваганьняў. Ідучы на Купалаву клясыку, я не спадзяваўся ўбачыць нешта сапраўды выдатнае — занадта часта пасьля словаў «Бацька павесіўся» даводзіцца цяпер чуць рогат у залі, — аднак убачанае ўразіла мяне, як той казаў, «да глыбіні душы».
Са школьнай парты ўсе добра памятаюць, што адзіны станоўчы герой у «Раскіданым гнязьдзе» — Незнаёмец, які прыходзіць на парэшткі разбуранай хаты і кліча яе жыхароў ісьці на «Вялікі Сход па Бацькаўшчыну», каб разам перамагчы нябачнага, але ненажэрнага Цмока. У выніку Сымон і Зоська бягуць на Вялікі Сход, і іх учынак — адзіная надзея ў канцы трагедыі. Малады менскі рэжысэр‑пастаноўшчык А.Гарцуеў дадаў у п’есу літаральна адзін эпізод у самым канцы. Незнаёмец забівае Зоську і Сымона зь вінтоўкі, за што атрымоўвае ад Паніча мяшэчак з грашыма.
Ці адчуваеце падтэкст?! Усё, спадарства, ніякай праўды няма і шукаць яе ня варта. Усе сволачы, а найбольш, канечне, рэвалюцыянэры накшталт Незнаёмца. Гэты парадак непарушны, нават калі і несправядлівы. Сядзі, маўчы і старайся выслужыцца, бо гэта, апроч джэк‑поту ў «Супэрлято», твая адзіная надзея падняцца на прыступку вышэй у гіерархічнай лесьвіцы грошай, пасад, шыкоўных аўтамабіляў і ўсяго іншага, што так дорага сэрцу сучаснага беларуса.
Эпідэмія амаральнасьці захлынае Беларусь, а ў самых высокіх кабінэтах гэтага не заўважаюць або ня хочуць заўважаць, арганізоўваючы час‑почас гучныя мерапрыемствы, закліканыя прадэманстраваць сацыяльную абароненасьць беларусаў.
Напрыклад, сьмешная кампанія па барацьбе з гэтак званым «сэксуальным рабствам». Па‑мойму, так ці іначай, але за мяжу людзі едуць, толькі шукаючы лёгкага (заўважце, «лёгкага» а не «лягчэйшага») жыцьця. Кожны чалавек павінен шукаць сабе вартую працу на Радзіме, а не гаварыць: «Трэба адсюль хутчэй звальваць, бо ў гэтым балоце ўсё роўна ўжо нічога не атрымаецца». Ды я ўвогуле не прамянею ад гонару за сваю краіну, калі чую, як якое‑небудзь пятнаццацігадовае даўганогае дзіцятка стала сусьветнай супэрмадэльлю. Зарабляць на дадзеным Богам і продкамі выглядзе падступна. І што, беларусам хіба сапраўды няма чым сябе паказаць, апроч як тэнісам і голымі плячыма дзяўчатак з‑пад Гомелю? Пачатае нядаўна змаганьне зь «няўдалымі сем’ямі» таксама нагадвае гучную піяр‑акцыю, хоць у многіх яна, трэба прызнацца, знаходзіць падтрымку. «Правільна, у працоўныя лягеры іх, каб зараблялі і на сябе, і на тых, каго напладзілі», — заходзяцца бабулькі ў тралейбусах. І ніхто ня думае, што толькі ацяпленьне ў такім лягеры будзе каштаваць болей, чым уся праца паняволеных няўдачлівых бацькоў. Але што рабіць людзям, жыцьцёвая пэрспэктыва якіх становіцца ўсё больш і больш туманнай. Аднапакаёўка ў Менску каштуе сёньня каля 50 тысяч даляраў. Цэны на жыльлё толькі за адзін год падняліся працэнтаў на шэсьцьдзесят. Пляны па будаўніцтве не выконваюцца нават у супэраптымістычных справаздачах ураду. Нядаўна я быў па‑сапраўднаму ўражаны, даведаўшыся, што ў адным з самых дарагіх эўрапейскіх гарадоў, Бэрліне, двухпакаёвая кватэрка каштуе 50 тысячаў эўра. Як бачыце, розьніца невялікая. Увогуле, часам складаецца ўражаньне, што ўсё беларускае грамадзтва дзеліцца сёньня не на тых, хто «за» і «супраць», і тым больш не на «правых» і «левых», а на тых, хто пасьпеў атрымаць крэдыт на кватэру і чакае, калі беларускі рубель хутчэй лясьнецца, і тых, хто на тую кватэру толькі чакае. Апошнім, ва ўмовах, калі «беларускі эканамічны цуд» служыць усё меншай і меншай колькасьці грамадзянаў, застаецца спадзявацца толькі на «Супэрлято».
Выснову з усяго сказанага мною вышэй магу зрабіць толькі адну. Лінія падзелу ў грамадзтве праходзіць сёньня не паміж дэмакратыяй і аўтарытарызмам, і нават не паміж беларушчынай і татальнай русіфікацыяй, — лінія падзелу ідзе паміж традыцыйнай хрысьціянскай маральлю, якой жылі нашыя продкі, і хамствам, распустай, абыякавасьцю да блізкага. Кожны, хто хоча нешта зьмяніць у Беларусі, хто хоча бачыць яе больш чыстай, хрысьціянскай і справядлівай, павінен стаць сьцяною паміж фальсыфікатарамі маралі і нашай моладзьдзю, якую штодзённа труцяць у аўдыторыях і з экранаў тэлевізараў. Ён павінен быць для гэтых людзей прыкладам ва ўсім. Сапраўдная беларушчына стаіць толькі поруч з сапраўднай дзядоўскай маральлю. Гэта закон, і толькі няўхільнае выкананьне гэтага закону дае надзею на пэўную Перамогу.