Літва падтрымлівае меркаваныя санкцыі Еўрапейскага Саюза ў дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, але не ў дачыненні да буйных прамысловых прадпрыемстваў гэтай краіны, сцвярджае прэм’ер Літвы Андрус Кубілюс.

Ён назваў неабгрунтаванымі засцярогі, што ЕС можа пачаць ўводзіць якія-небудзь абмежаванні для бізнесу Беларусі.

«Мне здаецца, шмат недакладнай інфармацыі, бо распаўсюдзіліся звесткі, або нейкая краіна прапанавала, каб санкцыі ўжываліся ў дачыненні да найбуйнейшых беларускіх прамысловых прадпрыемстваў — калійных заводаў, хімічнай прамысловасці.

Наколькі мы ведаем, гэтага не будзе, гэта не плануецца»,
 — сказаў у чацвер у інтэрв’ю Žinių radijаs прэм’ер Літвы.

Паводле яго слоў, такія санкцыі былі б неразумнымі, бо ад гэтага больш за ўсё пацярпелі б простыя жыхары Беларусі.

«Санкцыі працягваюцца ў дачыненні да людзей, блізкіх да Лукашэнкі, некаторыя з іх — прадпрымальнікі, але гэты спіс абмежаваны.
Такія засцярогі неабгрунтаваныя», — сказаў Кубілюс.

Ён падкрэсліў, што Літва зацікаўлена ў тым, каб у ЕС была агульная палітыка ў дачыненні да Беларусі.

«Такая палітыка дапамагла б Беларусі пераадолець свае ўнутраныя праблемы, а рэжыму Лукашэнкі — зразумець, што элементарныя правы чалавека, элементарныя дэмакратычныя правы — абавязковыя ўмовы для таго, каб Беларусь магла больш адкрыцца перад Еўропай у эканамічным плане, і такім чынам імкнуцца да дабрабыту сваіх грамадзян», — сказаў Кубілюс.

Засцярогі з-за санкцый у дачыненні да Беларусі на гэтым тыдні выказалі прадстаўнікі бізнесу і прамысловасці Літвы. Яны асцерагаюцца, што дыпламатычны канфлікт паміж ЕС і Беларуссю можа перарасці ў эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі, і ад гэтага пацерпіць літоўскі бізнэс.

«Літоўскія інвестары ў Беларусі ўстрывожаныя з-за няяснасці, бо баяцца, што бягучая сітуацыя паўплывае на ход інвестыцыйных праектаў.
А некаторыя буйныя інвестары не спяшаюцца падпісваць інвестыцыйныя дамовы, бо невядома, як меркаваныя санкцыі ЕС адаб’юцца на практыцы.
Паводле найгоршага сцэнару, эканоміцы Літвы можа быць нанесены агульны ўрон у памеры 3 млрд. даляраў»,
 — гаворыцца ў заяве Літоўскай канфедэрацыі прамыслоўцаў, Літоўскай гандлёва-прамысловай і рамеснай палаты і Літоўскай канфедэрацыі работадаўцаў, апублікаваным у панядзелак.
Па словах прадстаўнікоў бізнесу, наступствы будуць катастрафічнымі для ўсіх галін эканомікі.

У 2011 годзе праз Клайпедскі порт прайшло 11,4 тон грузаў з Беларусі, у гэтым годзе мяркуецца каля 12,5 млн. тон.

На думку літоўскіх прадпрымальнікаў, з-за планаваных санкцый можна страціць да 40% усіх грузаў, так як гэтыя патокі могуць быць накіраваны праз расійскія і ўкраінскія парты