У 2012 годзе будуць унесены некаторыя змены ў структуру пасяўных плошчаў. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 22 сакавіка ў Мінску паведаміў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Васіль Паўлоўскі.

Павялічацца плошчы пад зернебабовыя — са 143 тыс. га ў 2011 годзе да 185 тыс. Значна ўзрастуць плошчы для пасеву сланечніку і соі. «Калі раней мы іх сеялі па 1,5–4 тыс. га, то сёлета — 25 тыс. і 18 тыс. адпаведна. Гэтыя культуры будуць вырошчвацца ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях, дзе больш цёпла», — растлумачыў намеснік міністра.

Павялічацца таксама плошчы пад кукурузу — з 920 тыс. га ў 2011 годзе да 1,03–1,04 млн. га. Чакаецца рост ураджаю з 1,2 млн. тон летась да 1,5–2 млн. тон сёлета.

«Змена структуры пасяўных плошчаў звязана з задачай па павелічэнні прадукцыйнасці кожнага гектара і прадукцыйнасці кожнай галавы буйной рагатай жывёлы, свіней і птушак. Урадам даведзена заданне да 2015 года павялічыць надоі малака да 8–10 млн. тон і вытворчасць мяса да 2 млн. тон. Для гэтага трэба атрымаць вызначаную колькасць корму і неабходнай пажыўнасці», — растлумачыў намеснік міністра.

Паводле яго слоў, летась было імпартавана 780 тыс. тон бялковай сыравіны на 280 млн. долараў ЗША. Ставіцца задача па скарачэнні імпарту і вырошчванні ўласнай сыравіны, «хаця б на 50%». «Сэканомленыя сродкі мы зможам накіраваць на набыццё тэхналогій і спецтэхнікі для вырошчвання гэтых культур», — зазначыў Паўлоўскі.

Згодна са звесткамі прэс-службы Мінсельгасхарча, яравую сяўбу плануецца правесці на плошчы 2,6 млн. га. З іх яравыя зерневыя і зернебабовыя культуры будуць пасеяны на 1,4 млн. га, кукуруза на сілос і зялёны корм — 786 тыс. га, цукровыя буракі — 99 тыс. га, лён-даўгунец — 64 тыс. га, яравы рапс — 99 тыс. га, бульба — 54,5 тыс. га, агародніна — 14,8 тыс. га, грэчка — 38,6 тыс. га.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?