Некаторых старшыняў садовых таварыстваў і жыхароў вёсак Смалявіцкага раёна, на тэрыторыі якога плануецца будаўніцтва беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка, выклікаюць у міліцыю. Пра гэта паведамляе інтэрнэт-сайт кампаніі «Гавары праўду!».

Аб прычынах выкліку людзей у міліцыю ў позвах нічога не паведамляецца. Прадстаўнікі «Гавары праўду!» мяркуюць, што яны напрамую звязаны з актыўнасцю людзей у арганізацыі пратэстаў супраць планаў улад па будаўніцтве індустрыяльнага парка.

«Я не баюся гэтага выкліку, гэтай позвы, таму што нічога супрацьзаконнага не рабіла, — цытуе сайт жыхарку вёскі Заямная Валянціну Каляку. — Проста змагаюся за свае правы і правы жыхароў сваёй вёскі дыхаць чыстым паветрам, а не выкідамі кітайскіх заводаў.

Магчыма, у міліцыі будзе зроблена спроба націснуць на мяне і маіх калег з садовых таварыстваў, спроба прымусіць нас адмовіцца ад сваёй пазіцыі, запалохаць».

Кампанія «Гавары праўду!» аказвае юрыдычную і інфармацыйную падтрымку жыхарам Смалявіцкага раёна, якія выступаюць супраць будаўніцтва індустрыяльнага парка.

Як раней паведамлялася, у снежні 2011 года абедзве палаты беларускага парламента ратыфікавалі пагадненне паміж урадамі Беларусі і Кітая аб кітайска-беларускім індустрыяльным парку, якое было падпісана ў Мінску 18 верасня 2011 года. Як адзначыў тады намеснік міністра эканомікі Анатоль Філонаў,

для парка зарэзерваваны зямельны ўчастак у Смалявіцкім раёне каля нацыянальнага аэрапорта Мінск плошчай прыкладна 80 квадратных кіламетраў.
Асноўныя кірункі дзейнасці парка: тонкая хімія, нана- і біяфармацэўтыка, машынабудаванне, электроніка.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?