Аляксандр Лукашэнка не мае ніякага дачынення да памілавання больш як 150 прыгавораных да смяротнай кары ў 1998–2010 гадах. Гэта вынікае з удакладнення МУС Беларусі раней апублікаваных звестак пра колькасць вынесеных у краіне ў гэты перыяд смяротных прыгавораў, прыгавораў да пажыццёвага зняволення і колькасць тых, каму расстрэл быў заменены на пажыццёвае зняволенне.

Як паведамлялася раней, у 1998–2010 гадах беларускія суды вынеслі 102 смяротныя прыгаворы. Да пажыццёвага зняволення былі прыгавораныя 143 чалавекі.

156 асуджаным на смяротную кару гэтае пакаранне ў парадку памілавання было заменена на пажыццёвае зняволенне.
Галоўныя пытанні пры абмеркаванні гэтых лічбаў у інтэрнэце выклікалі суадносіны прыгавораных да расстрэлу і памілаваных у асобна ўзяты перыяд.

Атрымлівалася, што, напрыклад, калі ў 1998 годзе да смяротнай кары ў краіне былі прыгавораныя 47 чалавек, а памілаваныя 32, то ўжо ў 1999 годзе гэтыя лічбы — 13 і 27, у 2000-м — 4 і 24, 2001-м — 7 і 20, у 2002-м — 4 і 18. Далей тэндэнцыя пераважання ліку памілаваных над лікам смяротнікаў значна меней відавочная, але яна таксама ёсць, хоць і з меншымі абсалютнымі лічбамі.

22 сакавіка МУС размясціла на сваім сайце інфармацыю, паводле якой, як аказваецца, журналісты няправільна вытлумачылі інфармацыю міліцэйскага ведамства, хоць тлумачэнняў адносна механізму фарміравання спісу МУС не падало.

«Найбольшыя спрэчкі выклікала фармулёўка „Колькасць асуджаных, якім смяротная кара заменена ў парадку памілавання пажыццёвым зняволеннем“, а таксама лічбавыя паказчыкі, якія адпавядаюць гэтаму раздзелу табліцы, — гаворыцца ў паведамленні МУС. — Нягледзячы на юрыдычную правільнасць фармулёўкі, журналісты некаторых СМІ і шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў, якія скарысталіся размешчанымі данымі, супаставілі тэрмін „у парадку памілавання“ з палажэннямі арт. 96 „Памілаванне“ Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, у якой вызначаны парадак памілавання асобы прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь».

«У існай жа юрыдычнай практыцы, у тым ліку і пры фарміраванні статыстычнай справаздачнасці, паняцце „ў парадку памілавання“ разглядаецца ў больш шырокім аспекце, — тлумачыць сітуацыю МУС. — У адпаведнасці з дзейным заканадаўствам правам вынясення „смяротных прыгавораў“ надзелены абласныя, Мінскі гарадскі, Беларускі ваенны і Вярхоўны суды.

Факт прыгавору асобы да вышэйшай меры пакарання ў выглядзе смяротнай кары не азначае яго адназначнага выканання: справа можа быць перагледжаная ў касацыйным парадку вышэйшым судом, а таксама ў парадку нагляду.
Рэалізацыя гэтых працэдур можа адбывацца працяглы час, пасля заканчэння якога пры паўторным разглядзе справы ў судзе вышэйшай інстанцыі з улікам узросту асуджанага, стану яго здароўя і іншых акалічнасцяў, годных увагі, смяротная кара можа быць замененая пажыццёвым зняволеннем».
«У мэтах выключэння дваякага тлумачэння абывацелем прыведзеных на афіцыйным сайце МУС звестак мэтазгодна змяніць фармулёўку «Колькасць асуджаных, якім смяротная кара заменена ў парадку памілавання пажыццёвым зняволеннем» на «Колькасць асуджаных, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, якім смяротная кара замененая пажыццёвым зняволеннем», —
гаворыцца ў паведамленні МУС.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?