Палітолаг Шымаў належыць да кола новых заходнярусаў, разам з ідэолагам лукашэнкаўскага рэжыму Вадзімам Гігіным. Шымаў называе 25 Сакавіка «неадназначнай» датай. Ён піша, што афіцыйнае стаўленне да яе «памяркоўна-негатыўнае», а апазіцыя ў выніку прыходу да ўлады зрабіла б Дзень Волі галоўным дзяржаўным святам.

Бацькоў-заснавальнікаў БНР Шымаў называе «радыкальнай інтэлігенцыяй», а саму БНР — «дзяржаўным фальстартам». «Святкаваць тут асабліва няма чаго. Але памятаць — трэба», — падсумоўвае Шымаў сваю даволі калонку, якая вытрымана ў даволі паважліым стылі, без пагромніцтва, уласцівага многім ранейшым пісанням лукашэнкаўцаў.

Усевалад Шымаў — сын былога міністра фінансаў і рэктара БДЭУ Уладзіміра Шымава. Баўгарын па паходжанні, Шымаў нарадзіўся ва Украіне. Брат Усевалада Яраслаў працуе рэдактарам у Расейскай службе радыё «Свабода» ў Празе.

У сённяшняй «Звяздзе» прафесар Міхал Касцюк называе «правільным» тое, што гадавіна БНР адзначаецца. «Гістарычны вопыт БНР карысны і шмат у чым павучальны, — піша прафесар. — Найперш тым, што як тады, так і цяпер беларусы ў барацьбе за сваё права на суверэнітэт і незалежнасць павінны разлічваць толькі на ўласныя сілы».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?