«Партыя КХП-БНФ, здаецца, здурнела, — кпіць «Народная воля». — Пакуль іх аднапартыец Сяргей Каваленка, рызыкуючы сваім здароўем, галадае ў СІЗА на Валадарскага, таварышы па партыі абмяркоўваюць ўласную манаполію на імя Каваленка. Прынамсі, гэта вынікае з афіцыйнага паведамлення прэс-службы інфармацыйнай камісіі КХП-БНФ па выніках праведзенага сойма партыі.

«Выступоўцы праінфармавалі пра справу героя беларускага народа Сяргея Каваленка. Вядома, што псеўдаапазіцыйныя структуры імкнуцца ўсімі сіламі прыляпіцца да гэтай тэмы і атрымаць ад яе грантаўскія дывідэнды. Яны выкарыстоўваюць імя героя для сваіх мэтаў, для атрымання грошай на «абарону дэмакратыі». Не трэба верыць ім і супрацоўнічаць з імі», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.

«Партыя, якая, акрамя трох заяў у Генпракуратуру, не змагла правесці ніводнай акцыі салідарнасці са сваім аднапартыйцам, па сутнасці, вырашыла манапалізаваць яго імя, і ацарняе ўсіх, хто адважыўся „прыляпіцца“ да тэмы. І гэта ў той час, калі чалавек у СІЗА і калі трэба вітаць любыя намаганні па яго вызваленні, адкуль бы яны ні зыходзілі. Гэта, як гаворыцца, ужо не проста цынізм, а цынізм ў нейкай асабліва вычварнай форме», — піша «Народная воля».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?