21 сакавіка Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі адсвяткаваў 77-годдзе.
Павіншаваць Уладыку Экзарха прыйшлі прадстаўнікі духавенства і праваслаўнай грамадскасці, ігуменні манастыроў Мінскай епархіі, а таксама прадстаўнікі мясцовых уладаў. У прыватнасці, здымачная група sobor.by заспела ў кабінеце Уладыкі Мітрапаліта Філарэта мэра беларускай сталіцы Мікалая Ладуцькі.
Мітрапаліт дырыжыраваў невялікім хорам, што спяваў яму «Многая лета», прымаў кветкі і пацалункі, выказваў захапленне невядомаму віншавальніку па тэлефоне за асабліва шыкоўны букет. Мікалай Ладуцька, аддаўшы праваслаўнаму іерарху «канцэнтраванае выражэнне думак і спадзяванняў Мінгарвыканкама» ў чырвонай папцы, у якіх у савецкія часы уручалі граматы, сказаў: «Мы ўдзячныя вам за ўсё зробленае і за тое, што будзе зроблена». На апошнюю частку фразы Філарэт адрэагаваў вельмі эмацыйна, запэўніўшы старшыні Мінгарвыканкама: «Будзе зроблена канечне!»
Прыняўшы ад Ладуцькі «сціплы сувенір», мітрапаліт загадаў свайму памочніку: «Апрыходуй!»