14 сакавіка сайт Мінгарвыканкама размясціў спіс папярэдніх назваў станцый першага ўчастка трэцяй лініі мінскага метро. Мінчанам прапанавана на працягу двух тыдняў выказаць сваё меркаванне наконт гэтых назваў.
«Абсалютная большасць [станцый], магчыма, атрымаюць дастойныя, прыгожыя назвы.
Але станцыю побач з гістарычным цэнтрам плануецца назваць вельмі нейтральна і невыразна, — «Юбілейная плошча»,— адзначаецца ў паведамленні кампаніі «Гавары праўду!». Між тым, менавіта на вуліцы Максіма Танка, якая размешчана ў раёне Юбілейнай плошчы, жыў у апошнія гады Васіль Быкаў. «Тут і цяпер жывуць яго суседзі, тут у хуткім часе будзе яго мемарыяльны музей і памятная дошка», — канстатуюць актывісты кампаніі.
* * *
«Гавары праўду!» нагадвае, што вясной 2010 года было сабрана больш за 100 тысяч подпісаў для перайменавання вуліцы Ульянаўскай у вуліцу імя Быкава і больш чым 40 тысяч подпісаў — за прысваенне імя Васіля Быкава адной з будучых станцый метро.
28 сакавіка Мінгарвыканкам падсумоўвае абмеркаванне назваў новых станцый метро. «У дэпутатаў няма аргументаў, каб адмовіць жыхарам Мінска ў гэтай просьбе: для яе выканання не спатрэбіцца штосьці пераймяноўваць, а расходы такія ж, калі нават назваць гэтую станцыю неяк інакш», — адзначае «Гавары праўду!».
Актывісты кампаніі прапануюць усім ахвотным на сайце zapraudu.info і пакідаць свае звесткі пад адпаведным зваротам. «Згодна з законам аб зваротах грамадзян ваш электронны зварот мае такую ж сілу, як і папяровы ліст», — адзначаецца ў паведамленні.