Cвяткаванне Дня Волі — гэта публічны агульнанацыянальны ўрок гісторыі, плебісцыт беларусаў на вернасць памяці продкаў, найвышэйшая праява сілы беларускага духу і прагі да свабоды.

Любая форма адзначэння гэтага Свята — годная і патрэбная.

Але толькі ў супольным парыве, талакой, беларусы патрапляюць рабіць больш і найлепш, дасягаць амаль немагчымага.

Асабліва важным ёсць шанаванне нашага Свята сёння — у варунках дыктатуры і дзяржаўнага пераследу беларусаў-патрыётаў.

Святкаваць Дзень Волі — • гэта віншаваць блізкіх і сяброў;

• гэта аздобіць нацыянальнымі сімваламі дом, машыну, вопратку;

• гэта ўшанаваць памяць герояў Беларусі;

• гэта праявіць салідарнасць з сённяшнімі змагарамі, асабліва з тымі, хто, як Зміцер Дашкевіч, Сяргей Каваленка, Мікола Статкевіч, Андрэй Саннікаў, Павел Севярынец ды іншыя палітвязні, несправядліва кінуты за краты турмаў;

• гэта ладзіць адмысловыя выставы, чытанні і канферэнцыі;

• гэта сабрацца за святочнай бяседай;

• гэта размаўляць на мове продкаў і пісаць дыктоўкі па неўміручых тэкстах;

• гэта збірацца на мітынгі і ісці шэсцямі па вуліцах гарадоў, мястэчак ды вёсак.

Ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі — вельмі актуальныя для нас сёння і будуць такімі надалей. Нам след будаваць сапраўды Беларускую і сапраўды Народную Рэспубліку, нашу краіну, дзе мы гаспадары. БНР — не проста сімвал, а альтэрнатыва РБ. Каштоўнасць незалежнасці — абсалютная для вольнага народу. Наша дзяржаўніцкая традыцыя і намаганні, зробленыя дзеля ейнага аднаўлення і захавання, — унікальныя.

Беларусь жыве і будзе жыць тады, калі яна не толькі жыве, але і дынамічна развіваецца, стварае найлепшыя ўмовы для самарэалізацыі сваіх грамадзянаў, шануе сваю мову, культуру і знаходзіць паразуменне сярод суседзяў.

Беларусы!

Згадайма, як бягуць мурашы па скуры пасля магутнага воклічу «Жыве Беларусь»!

Згадайма, як трымціць сэрца ад гонару за велічна ўзняты бел-чырвона-белы сцяг са святой «Пагоняй»!

Каму, як не нам, абараняць нашу незалежнасць, свабоду, мову і права на годнае жыццё!

Мінчукі!

Мы маем шанец выйсці ў Дзень Волі на галоўны праспект сталіцы, каб прадэманстраваць нашу пашану да гісторыі і рашучасць дзеля будучыні.

Будзьма ж разам 25 сакавіка, а 13:30 на Акадэміі Навук! Хай наш сцяг лунае над галовамі і натхняе нас на лепшае.

Жыве Беларусь!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?