Патрабаванні да твора: добрая літаратурная якасць.

Што цікавасць да літаратуры з Беларусі проста вялізная, паказалі імпрэзы з удзелам беларускіх аўтараў на сёлетнім Лейпцыгскім кніжным кірмашы.
Штодзень на ўсе чытанні і дыскусіі прыходзіла людзей больш, чым магла ўмесціць зала. Да Андрэя Хадановіча яшчэ гадзіну пасля яго выступу падыходзілі слухачы, каб падзякаваць за яго творчасць.

Тэматычны блок «Беларусь, Украіна і Польшча» разлічаны на тры гады. Кірмаш прысвяціў сваю ўвагу менавіта гэтым краінам не ў апошнюю чаргу дзякуючы ініцыятыве аўстрыйскага пісьменніка, журналіста і перакладчыка Марціна Полака, які ў мінулым годзе атрымаў прэмію таго ж кірмаша за «Еўрапейскае паразуменне» і ў сваёй прамове з нагоды атрымання прэміі падкрэсліў неабходнасць падтрымаць маладыя літаратуры суседных еўрапейскіх краін. Кіраўніцтва кірмаша злавіла яго на слове і прапанавала курыраваць праект.

Ні Беларусь, ні Украіна не мелі на кірмашы сваіх афіцыйных стэндаў. Кнігі з Украіны прадстаўляў аб’яднаны стэнд украінскіх кнігавыдаўцоў. І

калі палякі і украінцы маглі пахваліцца пэўнай колькасцю выданняў у перакладзе на нямецкую, дык Беларусь прадстаўлялі ўсё тыя ж Артур Клінаў з «Горадам сонца» і Святлана Алесксіевіч з «У вайны не жаночае аблічча».
Крыху ўзбагацілі сітуацыю два часопісы, што выйшлі да кірмаша — аўстрыйскі «Literatur und Kritik» і польска-нямецкі «Radar» з падборкамі беларускіх аўтараў.

Аб’яднаная праграма трох краін мела агульную назву «Транзіт», што датычылася перш за ўсё ролі Польшчы як пасярэдніка паміж Беларуссю і заходнімі краінамі. На жаль, літаратурныя навіны з Беларусі пакуль даходзяць у Германію толькі праз польскае пасярэдніцтва. У адрозненне ад украінцаў, у якіх вельмі добра наладжаны сувязі з нямецкім літаратурным светам. Відаць, не ў апошнюю чаргу дзякуючы таму, што Наталка Сняданка ці Аксана Забужко без дапамогі перакладчыка ўдзельнічаюць у дыскусіях на нямецкай ці англійскай мовах, не кажучы пра Юрка Прахаську з ягоным выкшталцоным венскім вымаўленнем.

Успрыманне усходнееўрапейскіх краін і ў гэты раз было афарбавана ў колеры смутку. Так супала, што прэмію за еўрапейскае паразуменне, якая ўручаецца ў першы дзень працы кірмаша, атрымаў Тымаці Снайдэр за кнігу «Bloodlands», дзе гаворка ідзе пра хвалі рэпрэсій — спачатку сталінскіх, а пасля фашыстоўскіх — у нашых краінах.
Акцэнт на трагізме гісторыі і пастаянным змаганні дабра і зла ў кожным чалавекузрабіла і Святлана Алексіевіч падчас дыскусіі «Войны успамінаў». Але
калі Аксана Забужко прадстаўляла посткаланіяльнае гледзішча на гісторыю, а гісторык Траба заклікаў да інтэгравання ўсходнееўрапейскай гісторыі у агульнаеўрапейскі кантэкст (прыклад — агульныя польска-нямецкія падручнікі па гісторыі), дык Святлана Алексіевіч настойвала менавіта на трагізме і на тым, што еўрапейскі рацыяналізм пацярпеў паразу.
Такім чынам адмаўляючы саму магчымасць дыскусіі, выкрэсліваючы спалучальны злучнік і ставячы на яго месцы раздзяляльны.
Ад праграмы беларускіх імпрэзаў засталося ўражанне, што Германія яшчэ не знайшла свайго беларускага аўтара, таго, які б гаварыў на зразумелай ёй мове. Аўтара, які недзе вельмі блізка, толькі вось дзе?
Аўтара, які патрэбны тэрмінова, бо праз год і праз два гады Беларусь ізноў будзе ў цэнтры ўвагі кірмаша.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?