Выпадак адбыўся 23 сакавіка каля 11.30 у Баранавічах, у адным з дамоў па вул. Гаявой.

«Галоўны спецыяліст інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду падпалкоўнік унутранай службы Віталь Пераход прымаў у доме новы пандус для інвалідаў-вазочнікаў. Мужчына скончыў працу і накіроўваўся ад дома да аўтамабільнай стаянкі. Тут ён заўважыў у адкрытым акне другога паверха маленькага хлопчыка. Дзіця вылезла з акна, на секунду павісла на падаконніку, затым пачало падаць уніз. Віталь Пераход зрэагаваў імгненна. Ён паспеў падбегчы і злавіць малога», — распавёў «Брестской Газете» прэс-сакратар Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС СяргейМашноў.

Бачных пашкоджанняў у дзіцяці не было, аднак Віталь Пераход усё ж выклікаў брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі. Яны даставілі хлопчыка ў лякарню для абследавання.

«У момант здарэння ў кватэры малы быў не адзін. Бабуля прасавала бялізну ў адным з пакояў, а старэйшы брат глядзеў тэлевізар. Паводле папярэдняй версіі, двухгадовае дзіця зайшло на кухню, у якой нікога не было. Тут ёяно забралася на канапу, а адтуль ужо на акно», — дапоўніў Сяргей Машноў.

«Дзякуй Богу, што ўсё так скончылася, у мяне няма слоў, каб выказаць падзяку чалавеку, які выратаваў маё дзіця», — сказала газеце «Intex-press» мама хлопчыка, якая, як аказалася, выхоўвае яшчэ траіх дзяцей.

Па словах суседзяў, сям'я станоўчая, а тое, што адбылося — проста недарэчная выпадковасць, якая, на шчасце, скончылася добра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?