Міністэрства інфармацыі адказала грамадзкаму аб’яднаньню «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ) на прапанову аб тэрміновым выданьні дзяржавай насьценных беларускамоўных календароў з выявай клясыкаў беларускай літаратуры.

У лісьце за подпісам намесьніка міністра інфармацыі Ігара Лапцёнка гаворыцца, што парадак выпуску выданьняў з прыцягненьнем бюджэтных сродкаў «строга рэглямэнтаваны і выдзяленьне субсыдыяў на выпуск календароў па замовах і дзеля патрэбаў арганізацыяў, установаў, грамадзкіх аб’яднаньняў не прадугледжанае». Разам з тым, як зазначаецца ў лісьце, не выключаецца магчымасьць выпуску насьценных беларускамоўных календароў «на ўмовах замовы з абавязковым выкупам накладу».

У інтэрвію агенцтву БелаПАН старшыня ТБМ Алег Трусаў назваў адказ міністэрства «праяваю антынацыянальнай палітыкі і зьдзекам над людзьмі». Паводле Трусава, адной з задачаў дзяржавы ў год юбілею народных паэтаў Беларусі якраз і зьяўляецца выпуск такой прадукцыі з аплатай адпаведнай замовы.

На думку старшыні ТБМ, дзяржава робіць «вялікую памылку», не выпускаючы перакідныя ды насьценныя каляндары на беларускай мове. Ён мяркуе, што бюджэтныя выдаткі акупіліся б поўнасьцю, бо беларускамоўныя каляндары карыстаюцца вялікім попытам у грамадзтве.

— З‑за таго, што ТБМ ня мае сродкаў на выпуск такіх выданьняў, аб’яднаньне будзе працягваць традыцыю выданьня беларускамоўных памятных каляндарыкаў, прысьвечаных знамянальным датам айчыннай гісторыі і культуры, — кажа Трусаў. — У прыватнасьці, аб’яднаньне рыхтуе выпуск каляндарыкаў, прысьвечаных 120‑годзьдзю Алеся Гаруна і 90‑годзьдзю Янкі Брыля.

Паводле Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0