Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) 26 сакавіка атрымала дазвол на правядзенне 31 сакавіка чарговага з’езда ў Палацы культуры трактарнага завода.
«Ужо пасля 17 гадзін у панядзелак нам пазванілі і паведамілі, што можна падпісаць дагавор аб арэндзе памяшкання», — паведаміў БелаПАН лідар АГП Анатоль Лябедзька.

Паводле яго слоў, дэлегатамі на з’езд вылучаны больш як 170 чалавек. Праграма мерапрыемства ўключае абранне ўсіх кіруючых структур партыі, прыняцце стратэгіі дзейнасці арганізацыі на бліжэйшыя некалькі гадоў.

Апрача таго, паведаміў Лябедзька, на з’ездзе будзе дадзены старт кампаніі «За сумленныя выбары», якая «ўключае і пазіцыю партыі адносна фармату ўдзелу ў маючых адбыцца восенню гэтага года парламенцкіх выбарах, але значна шырэйшых па часавых рамках».

Як паведамлялася раней, АГП мае намер вылучыць кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія, аднак, павінны будуць зняцца з выбарчай гонкі за пяць дзён да выбараў. Партыя ставіць перад сваімі кандыдатамі задачу інфармаваць як мага большую колькасць людзей аб адсутнасці ў Беларусі свабодных дэмакратычных выбараў. Пры гэтым кандыдаты ў дэпутаты ад АГП не будуць выкарыстоўваць дзяржаўныя грошы, выдзеленыя ім для друкавання ўлётак (у выпадку зняцця кандыдатаў іх давялося б вяртаць), выкарыстоўваючы сродкі з асабістых выбарчых фондаў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?