Эканамічныя санкцыі Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі не адпавядаюць латвійскім эканамічным інтарэсам і штогод будуць прыносіць латвійскай эканоміцы страты ў памеры 20 мільёнаў латаў (амаль 40 млн даляраў). Пра гэта паведамляе Інтэрнэт-рэсурс Delfi.lv са спасылкай на афіцыйную заяву Латвійскай канфедэрацыі работадаўцаў (ЛКР).

24 сакавіка былі апублікаваныя імёны яшчэ 12 беларускіх чыноўнікаў і бізнесменаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза і актывы якіх павінны быць замарожаныя. У «чорныя спісы» таксама ўключаныя 29 кампаній, уладальнікаў якіх называюць блізкімі да рэжыму прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

ЛКР указвае, што сярод 29 кампаній і 12 персон многія з’яўляюцца шматгадовымі партнёрамі латвійскіх кампаній, яны выкарыстоўвалі латвійскую інфраструктуру, паслугі чыгункі і партовых тэрміналаў для перавалкі нафты і нафтапрадуктаў.

Пры гэтым у ЛКР выказваюць неразуменне, пра які кампрамісны варынят санкцый супраць Беларусі, які нібыта падтрымала Латвія, кажуць у МЗС Латвіі, і якія істотныя эканамічныя інтарэсы Латвіі былі ўзятыя пад увагу падчас пасяджэння Савета міністраў замежных спраў ЕС, якое прайшло 23 сакавіка.

У найбуйнейшай арганізацыі, якая прадстаўляла інтарэсы латвійскага бізнесу, не згодныя з тым, што прызначаныя санкцыі не маюць негатыўнага ўплыву на латвійскую эканоміку.

Як заявіла генеральны дырэктар ЛКР Ліга Менгельсоне, хоць ЕС і не прадугледжвае ў такім выпадку кампенсацый для краін-удзельніц, такі механізм варта прадугледзець для дзяржаў, якія маюць найбольш цесныя кантакты з Беларуссю як суседняй краінай.

У «чорны спіс» беларускіх прадпрыемстваў увайшла LLC Triple, якая транспартуе грузы па чыгунцы ў Вентспілс. Два мільёна тон грузаў гэтай кампаніі ўносілі ў эканоміку Латвіі 20 мільёнаў латаў, або 0,14% ад ВУП і 3,4% ад агульнага аб’ёму чыгуначных перавозак, паводле звестак 2011 года.

У 2012 годзе LLC Triple па чыгунцы даставіла 350.000 тон, што латвійскай эканоміцы прынесла 3,5 мільёна латаў, або 0,03% ВУП (ад 2011 года).

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?