26 сакавіка ў матчы чацвёртага круга, які доўжыўся 2 гадзіны 48 хвілін, першая ракетка свету выйграла ў славачкі Дамінікі Цыбулкавай (18) — 1:6, 7:6 (9:7), 7:5.

У першым сэце Азаранка змагла ўзяць ачко толькі пры ліку 0:5. У другім яна прайгравала 0:4, затым узяла гейм на сваёй падачы і адыграла адзін брэйк, але Цыбулкава зарабіла яшчэ адно ачко на падачы саперніцы і павяла 5:2. Наступныя чатыры геймы засталіся за Азаранкай — 6:5, але яна аддала сваю падачу, выйграўшы ўсяго адзін розыгрыш, і справа дайшла да тай-брэйку. Славачка змагла адыграць чатыры сэт-болы (пры ліку 3:6 і 6:7), аднак беларуская спартсменка выкарыстала пяты шанс (пры ліку 8:7).

Трэці сэт пачаўся з брэйку Азаранкі і брэйку ў адказ Цыбулкавай. Затым саперніцы ўзялі па гейме на сваіх падачах — 2:2, зрабілі па два брэйкі — 4:4 і зноў выйгралі свае падачы — 5:5. Адзінаццаты гейм завяршыўся двайной памылкай славацкай тэнісісткі, а ў наступным гейме яна не скарысталася шансам дацягнуць да тай-брэйку, пасля таго як Азаранка трапіла ў сетку і саступала 30:40.

Яе наступнай саперніцай будзе францужанка Марыён Барталі (7),
якая ў 1/8 фіналу перамагла Марыю Кірыленку з Расіі (22) — 6:1, 6:2. Баланс сустрэч з Барталі ў Азаранкі таксама станоўчы — 8:2.

З пачатку сезона-2012 Азаранка атрымала ў адзіночным разрадзе 26 перамог запар (агульная розніца выйграных і прайграных сэтаў — 52:6, геймаў — 333:160), стаўшы лепшай на турнірах у Сіднэі, Досе, Індыян-Уэлсе, а таксама на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі. Усяго на яе рахунку 12 выйграных турніраў у адзіночным разрадзе. У васьмі фіналах яна саступіла. Спаборніцтвы ў Маямі Азаранка выйгравала ў 2009 і 2011 гадах.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?