Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам прэміі Нарвежскага саюза пісьменнікаў «За свабоду слова».
Дыплом «За свабоду слова» ўручаецца за «асаблівы ўнёсак у абарону свабоды слова і талерантнасці». Сярод лаўрэатаў гэтай узнагароды ў папярэднія гады былі расійская журналістка Ганна Паліткоўская, Амос Оз з Ізраіля, Давіт Язэп з Эрытрэі і іншыя вядомыя асобы, якія вызначыліся сваёй барацьбой за адстойванне права на выказванне меркавання ў сваіх краінах.
Як расказала жонка Бяляцкага Наталля Пінчук, уручэнне дыплома адбылося 25 сакавіка ў Осла ў межах з’езда саюза пісьменнікаў Нарвегіі. «За Алеся дыплом атрымала я. Гэта было даволі нечакана, я не рыхтавалася да такой цырымоніі. Думаю, для яго гэта будзе сюрпрызам», — адзначыла Наталля.
* * *
Нагадаем, у лістападзе мінулага года суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў Алеся Бяляцкага вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў яго да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала наяўнасць у яго замежных рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Гэтыя грошы выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі не ўяўлялася магчымым, бо цэнтр «Вясна» працуе нелегальна — улады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі.
Міжнародная дэмакратычная грамадскасць, кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і шэрагу іншых краін лічаць Бяляцкага палітзняволеным і патрабуюць яго вызвалення. Парламентарыі 27 краін — членаў Рады Еўропы падтрымалі вылучэнне кандыдатуры Алеся Бяляцкага на суісканне Нобелеўскай прэміі міру.
Цяпер Алесь Бяляцкі утрымліваецца ў папраўчай калоніі № 2 у Бабруйску.