24 сакавіка пайшоў з жыцця заснавальнік беларускай стылістыкі, таленавіты журналіст, дбайны даследчык роднай мовы, просты і шчыры ў адносінах, цалкам аддадзены навуковай справе чалавек, хто прысвяціў сваё жыццё Бацькаўшчыне, аддаў сваё сэрца людзям — студэнтам, калегам, родным…

Міхась Яўгенавіч Цікоцкі нарадзіўся 20 лютага 1922 г. у Бабруйску. У 1933 г. сям’я пераехала ў Мінск, дзе ў 1941 г. ён закончыў сярэднюю школу. Восенню 1943 г. М. Цікоцкі ў складзе супрацьтанкавага батальёна пайшоў на фронт, ваяваў на 1-м, 2-м і 3-м Беларускіх франтах. Летам 1944 г. пад Кобрынам быў паранены. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, двума медалямі «За адвагу».

Пасля дэмабілізацыі ў 1946 г. М. Я. Цікоцкі паступіў вучыцца на аддзяленне журналістыкі БДУ. Працаваў у рэдакцыях газет «Савецкі селянін» і «Калгасная праўда», у часопісе «Вожык».

З 1953 г. М. Я. Цікоцкі шчыруе на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта; спачатку ў якасці выкладчыка, дацэнта кафедры тэорыі і практыкі савецкага друку, а ў 1965 годзе — і яе загадчыка. У навуковым пошуку Міхась Яўгенавіч знайшоў для сябе прыярытэт — стылістыку, якой прысягае на ўсё жыццё. У кастрычніку 1969 года заснаваў кафедру стылістыкі і літаратурнага рэдагавання, якой кіраваў дваццаць гадоў.

Сотні журналістаў удзячны Настаўніку за добразычлівасць, чуласць, розум, высакароднасць і прафесарскую інтэлігентнасць, вытрымку і талерантнасць. Дзе ёсць газета, часопіс, рэдакцыя, там б’ецца Ваша, Міхась Яўгенавіч, сэрца, рэхам аддаюцца Вашы словы.

У жалобе схіляем галовы…

Пахаванне адбудзецца на Усходніх (Маскоўскіх) могілках 1 красавіка 2012 г. у 14.00.

Супрацоўнікі Інстытута журналістыкі БДУ.

«Кожнае слова павінна быць асэнсавана», — вучыў Міхась Яўгенавіч будучых журналістаў. Ён ставіўся да слова так, быццам бы яно было перлінай, здабытай з глыбінь акіяна жыцця. Для таго, каб перліна жыла і радавала сваёй ненавязліва-высакароднай зіхатлівасцю, ёй трэба адчуваць чалавечае цяпло. Але перш чым патрапіць у пярсцёнак ці завушніцы, яна пройдзе праз рукі ювеліра… Так і слова: жыве, пакуль у чалавека ёсць у ім неабходнасць. І існуе ў чалавечым свеце яно дзякуючы тым рупліўцам, якія, нібы ювеліры, ведаюць, як сплесці цудоўныя пацеркі з гэтых перлін, дзе кожная будзе на сваім месцы.

Журналісцкая праца павінна быць ювелірнай, каб словы, якія складваюцца ў сказы, давалі адчуванне гармоніі, у якой абавязкова быў бы заключаны пэўны сэнс. Міхаіл Яўгенавіч сам быў выдатным ювелірам слова: яго беларуская мова была абсалютна жывой і натуральнай, так што ты, адчуўшы сваю недасканаласць, лепш бачыў і імкнуўся выпраўляць свае памылкі. Сам па жыцці добры чалавек, ён умеў укласці спагаду ў словы, з якімі звяртаўся да студэнтаў. Навука прафесара Цікоцкага суправаджае па жыцці некалькі пакаленняў беларускіх журналістаў. За доўгае і вельмі плённае выкладчыцкае жыццё ён меў шмат вучняў, якія заўсёды з гонарам гавораць пра тое, у каго ім выпала набірацца майстэрства працы са словам. Вучні Міхася Яўгенавіча сёння працуюць і ў нашай газеце — і штодня сведчаць пра жыццёвасць, запатрабаванасць і высакародную прыгажосць беларускага слова, нібыта той перліны, якая выспела ў глыбінях часу.

Дзякуй, Настаўнік!..

Звяздоўцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0