Чацвер, 9.20

У аддзяленні міліцыі на транспарце бацьку Атрошчанкава зноў пацьвердзілі, што суд павінен адбыцца сёння, 29 сакавіка. Але ніхто не кажа пра дакладны час судовага пасяджэння.

Каля ганку аршанскага гарадскога суду зноў сабраліся некалькі актывістаў, якія чакаюць, калі ж у суд прывязуць Лябедзьку, Калякіна і Атрошчанкава, піша Радыё Свабода.

16:25

Суд перанесены 29 сакавіка. Пра гэта паведамілі бацьку Аляксандра Атрошчанкава ў аддзяленні міліцыі на транспарце.

13:16

Дар’я Корсак (жонка Атрошчанкава) праз Фэйсбук паведамляе: Атрошчанкаў напісаў, што ўсе затрыманыя знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання, што будуць там да 16.00. «Магчыма, канешне, яго дэзінфармавалі», — напісала Корсак.

Уладзімір Чудзянцоў у Фэйсбуку паведамляе: Цудам датэлефанаваўся да затрыманага ў Оршы Аляксандра Атрошчанкава (тэлефон у яго пакуль не адабралі, проста ўсю ноч не давалі адказваць). У гэтыя хвіліны іх усіх вязуць у мясцовы суд, пратаколы складзеныя па арт 17.1 («лаянка ў грамадскім месцы», як звычайна). «Свеціць» да 15 сутак, піша Радыё Свабода.

11.10

Бацьку Атрошчанкава паведамілі, што пасяджэнне будзе праходзіць у кабінеце №13. Кабінет маленькі, а ахвотных трапіць на пасяджэнне каля дзясятка. Таму яны спадзяюцца, што пад працэс дадуць судовую залу. Затрыманых пакуль не прывезлі. Справу будзе разглядаць суддзя Серафімовіч.

10:16

Як паведаміў бацька Аляксандра Атрошчанкава Сяргей Атрошчанкаў, які цяпер знаходзіцца ў Оршы, найбліжэйшым часам затрыманых павінны даставіць у суд Оршы і Аршанскага раёна. «Я толькі ведаю, што іх абвінавачваюць у дробным хуліганстве. Мне сказалі, што суд пачнецца ў 10.45», — сказаў Сяргей Атрошчанкаў. У судзе таксама дзяжураць назіральнікі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і мясцовыя праваабаронцы.

Тэлефонная сувязь з затрыманымі адсутнічае, паведамляе БелаПАН.

10.00

Пакуль затрыманыя знаходзяцца ў аршанскім ізалятары часовага ўтрымання, што ў будынку міліцыі на вуліцы Энгельса ў Оршы. Каля суда збіраюцца аршанскія дэмакратычныя актывісты. Прыехаў бацька Аляксандра Атрошчанкава Сяргей і некалькі ягоных знаёмых. У пераліку судовых справаў, прызначаных да разгляду на сёння, прозвішчаў затрыманых у цягніку Мінск -- Масква палітыкаў няма, хто іх будзе судзіць — таксама невядома, дадае Радыё Свабода.

1.50

Аляксандр Атрошчанкаў, Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька былі знятыя з цягніка па дарозе ў Расею.

Гэта першы раз, калі невыязных апазыцыянэраў не выпускаюць праз беларуска-расейскую мяжу.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы палітвязень Аляксандр Атрошчанкаў у момант затрымання паспеў патэлефанаваць сайту charter97.org, але гаварыць не мог.

На працягу прыкладна пяці хвілін журналісты чулі, як яго, лідара партыі «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна і старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі спрабавалі вывесці з купэ цягніка.

Сяргей Калякін патрабаваў ад людзей, што затрымлівалі яго, прадставіцца, казаў, што не згодны ісці з незнаёмымі людзьмі, бо ў Беларусі ўжо былі выпадкі палітычных выкраданняў і забойстваў.

Урэшце, усіх затрымалі і кудысьці адвялі.

Пазней стала вядома, што апазіцыянераў знялі з цягніка № 2 Мінск-Масква на станцыі Орша, і яны былі дастаўлены ў Аршанскі РАУС.

Усе ўтрох 28 сакавіка ў 22.05 меліся вылецець з Масквы ў Брусэль.
Атрошчанкаў, акрамя таго, быў запрошаны на запіс інтэрв’ю для «Русской службы новостей» у Маскве.

А 1.20 карэспандэнту радыё «Свабода» ўдалося дазваніцца да Анатоля Лябедзькі, ён адказаў на званок, але нічога так і не здолеў сказаць. Кар. толькі чуў дыханне Анатоля і голас нейкага службоўца, які, як выглядае, зачытваў нейкія дакументы.

А 1.30 Анатоль Лябедзька зноў адказаў на званок і здолеў сказаць некалькі словаў. На пытанне, на якой падставе іх затрымалі,

лідар АГП паведаміў, што у момант затрымання казалі, што шукаюць наркотыкі, а цяпер «шыюць» адміністратыўную справу.

Працяг будзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?