Старшыя дзеці Саладухі любяць сваю маленькую сястрычку.Як жывуць, чым займаюцца і пра што мараць блізняты? Пра гэта распавёў Антон Саладуха.
- У вас з братам музычная адукацыя?
- У мінулым годзе я скончыў Інстытут сучасных ведаў. Вучыўся на факультэце мастацтва і экстрады. А па спецыяльнасці – аранжыроўшчык і гукарэжысёр. Саша скончыў МЭСІ – Маскоўскі ўніверсітэт эканомікі, статыстыкі і інфарматыкі, факультэт антыкрызіснага кіравання.
- У вас жа ёсць свая група?
- Яна завецца «Элемент». Зараз мы пішам другі альбом. Гатовыя песень сем-восем. Песні ў стылі поп-R’n’B. Праўда, часу на гэта катастрафічна не хапае. Таму пакуль невядома, калі мы яго скончым. У 2008 годзе быў выпушчаны наш першы альбом. Магчыма, ад таго, што былі занадта маладыя, а можа, і з-за чагосьці іншага ён атрымаўся, мякка кажучы, не паспяховым. Зараз нам па 24 і думаем, цяперашняя спроба будзей больш паспяховая.
- Дзе можна вас пачуць?
- Нідзе, увогуле нідзе. Не круцяць. Усім патрэбныя грошы. Куды не прыдзеш, усюды кажуць – не фармат. А тады што такое фармат? Тыя, што плацяць за сваё прасоўванне? Мы закідвалі свае песні на сайт «Радыё-хіт», дык летам па радыё круцілі нашы песні пад назвай «Мы» і «Позна».
- Ты бачыш сябе на сцэне?
- Не ведаю. Стаміўся шмат ад чаго. Зразумеў, што гэта нікому не патрэбна. Ды і грошай на гэтым не заробіш.
Лічу, у нашай краіне заваяваць прызнанне не атрымаецца. А каб раскруціцца ў Маскве, патрэбны вялікія бабкі. Пакуль я буду іх зарабляць – пастарэю.Канечне, можна разгарнуцца і з дапамогай багатага спонсара. Але ў мяне такога няма.
- Ваш бацька вядомы артыст. Няўжо ён не можа падтрымаць вас?
- У бацькі сваё жыццё. Яму задай гэта пытанне.
- І ён зусім не дапамагае табе з Сашам? У адным інтэрв’ю з Аляксандрам Саладухам гаварылася, што да гэтага лета ён утрымліваў вас.
- Купляў прадукты, як і ўсе нармальныя бацькі. А ўвогуле з 15 год мы з братам самі зараблялі сабе на адзенне, на аплату інтэрнэту і тэлефона і на шмат іншага. Пасля таго, як скончылі ўніверсітэт, усялякая бацькоўская дапамога спынілася. У яго ж новая сям’я, маленькая дачка…
- Але гэта ж не прычына, каб не дапамагчы вам падняцца па творчай лесвіцы?
- Трэба пачынаць з самых нізоў і дасягнуць усяго самім. Гэта яго выраз.
- Ён, калі быў маладым, дабіваўся ўсяго сам?
- Я сумняюся. Думаю, што яму дапамагалі. Хоць ён «укалвае» як ненармальны. З раніцы да ночы.
- На творчасці вы грошай не зарабляеце. Тады як?
- Працуем на складзе фірмы, якая займаецца продажам запчастак для легкавых аўтамабілей. Ну а што рабіць?
Есці ўсё-ткі трэба, не здохнуць жа нам з голаду? Што застаецца, калі выступаць нікуды не запрашаюць?У мяне, па праўдзе, дзве працы. Другая – у студыі гуказапісу.
- Памятаецца, пару год назад усе дзяўчаты марылі пазнаёміцца з братамі-блізнятамі. Цяпер прыхільніцы ёсць?
- Мільён. Ужо некалькі разоў змяняў нумар тэлефона. Дзяўчаты пастаянна дасылаюць заяўкі ў сябры ў сацыяльнай сетцы.
- Дадаеш?
- Толькі прыгожых. У мяне ідзе жорсткі адбор.
- А як справы з асабістым жыццём?
- Ніяк. Даўно ўжо адзін. Жывём утраіх: я, мама і Саня. А, яшчэ ёсць кот Дэні! У Сашы ёсць дзяўчына, яна часта прыходзіць у госці, начуе ў нас, часам ён у яе. Гэта ж нармальна. Усё як у большасці маладых людзей. А я мінулым летам спрабаваў замуціць з дзяўчынай, але нічога добрага з гэтага не выйшла.
Разумееш, большасць з жаночага пола выказваюць да мяне цікавасць з-за прозвішча. Думаюць, што ў мяне залатыя горы за кішэняй і я раскідваюся грашыма. А потым паглядзяць, што я просты бедны хлопец – і цікавасць рэзка знікае.
- Пасіі вядуцца толькі на прозвішча?
- Так. Больш на прозвішча, чымсьці на мяне як чалавека.