Калі занураешся ў гісторыю беларускай антысавецкай партызанкі 1920-х, узнікае ўражанне, што ўсе тыя падзеі адбываліся на нейкім кінематаграфічным Дзікім Захадзе.
У мірнай нібыта Беларусі дзейнічаюць дзясяткі «бандаў».
Міліцэйскія зводкі нагадваюць хроніку ваенных падзей: напады на чыноўнікаў і цэлыя вайсковыя злучэнні, перастрэлкі, правакацыі… Пералічыць імёны атаманаў — не хопіць пальцаў: Рабцэвіч, Квіцінскі, Кляшчонак, Казлоўскі, Кузняцоў, Крук, Дзяргач, Хведашчэня, Караткевіч, Моніч, Семянюк…

Помнік землякам-ахвярам сталінскіх рэпрэсій на могілках вёсак Вялікія і Малыя Жаберычы. На крыжы — графічная выява Моніча. Партрэтаў Сонькі не захавалася.

Помнік землякам-ахвярам сталінскіх рэпрэсій на могілках вёсак Вялікія і Малыя Жаберычы. На крыжы — графічная выява Моніча. Партрэтаў Сонькі не захавалася.

Паплечніца Махно Марыя Нікіфарава. Следам за ёй усіх жанчын, што былі ў антысавецкіх атрадах, называлі «Марусямі».

Паплечніца Махно Марыя Нікіфарава. Следам за ёй усіх жанчын, што былі ў антысавецкіх атрадах, называлі «Марусямі».

Савецкая ідэалогія спрабавала выставіць іх звычайнымі гангстэрамі. Між тым,

партызанскі рух, у якім бралі ўдзел дзясяткі тысяч сялян па ўсёй краіне, узнік як процідзеянне метадам бальшавіцкай улады.
Гаспадары не хацелі мірыцца з рабскім становішчам і рабункамі «камісараў».
У Расіі ўспыхнула Антонаўшчына, задушаная пасля газам і гарматамі, ва Украіне — Махноўшчына, у Беларусі партызанскі рух 1920-х каардынавала арганізацыя «Зялёны Дуб».

Аж у 1925 савецкія газеты прызнавалі, што

праз шэсць гадоў пасля абвяшчэння БССР пад самым Менскам, у Барысаўскай воласці, савецкая ўлада была надзвычай слабай. Рэальнай уладай быў лясны атаман — «палявы камандзір», як сказалі б цяпер.
Многія з іх у мінулым ваявалі пад сцягамі БНР. Пасля, згубіўшы надзею на адваёву незалежнасці для цэлай Беларусі, яны ўсталявалі сваю ўладу на падкантрольнай тэрыторыі, утварыўшы цэлыя «партызанскія зоны». Гэта было б немагчыма без падтрымкі мясцовага насельніцтва. З кадрамі для атрадаў праблемы не было: сотні тысяч сялянскіх сыноў прайшлі праз франты першай сусветнай, паўцякалі з чырвонага войска… Да атамана мужыкі ішлі «падзарабіць», ён мог абараніць ад бальшавіцкай харчразвёрсткі. Змаганне з саветамі за ўплыў было жорсткім.
У кнізе «Кароткі нарыс гісторыі міліцыі Беларусі» (1927) друкуюцца здымкі забітых партызанскіх верхаводаў: у поўны рост, са зброяй — толькі што не выстаўленыя ў вітрынах крамаў, як бывала на тым Дзікім Захадзе.

Ёсць і іншае фота — шчуплага голага чалавека, які ляжыць на зямлі. Гэта цела атамана Моніча, кіраўніка аднаго з наймацнейшых партызанскіх злучэнняў Усходняй Беларусі, за якім «Чэка» беспаспяхова ганялася некалькі гадоў. Ён трапіў у засаду АДПУ 23 чэрвеня 1924 года. Магчыма, такі прынізлівы кадр — свайго роду пасмяротная бальшавіцкая помста.

Бацька рэйкавай вайны

Гісторыяй Моніча зачытваліся б сучаснікі, калі б літаратура і прэса ў тагачаснай Беларусі не мусілі быць партыйнымі.
Пункціры прыгодніцка-палітычнага раману пазначыў Сяргей Пясэцкі ў сваёй аповесці «Ніхто не дасць нам выбаўлення».

Родам Моніч быў з вёскі Жаберычы (не да канца ясна, Малыя ці Вялікія) Барысаўскага павета (сёння — Крупскі раён). Ён скончыў настаўніцкую семінарыю, настаўнічаў. З Першай сусветнай вайны вярнуўся падпаручнікам. У грамадзянскую ваяваў супраць бальшавікоў: спачатку разам з Врангелем, пасля ў з Булак-Балаховічам, і нарэшце — на чале ўласнага партызанскага аддзела.

Партызанскі досвед Моніч атрымліваў у злучэнні славутага партызана Лукаша Сяменіка (Семенюка). Гісторык Ніна Стужынская, аўтар кнігі “Беларусь мяцежная”, прысвечанай антыбальшавіцкаму змаганню ў 1920-я, лічыць, што яны разам бралі ўдзел у Слуцкім збройным чыне.

Ёсць сведчанні, што Моніч звязваўся з Беларускай Вайсковай Камісіяй (БВК), задачай якой было стварэнне беларускага войска. Ён паведамляў, што гатовы са сваім аддзелам перайсці пад загад Беларускага ваеннага камандавання для змагання з бальшавікамі. БВК пастанавіла паслаць у аддзел Моніча сябра Камісіі капітана Францішка Кушаля. На жаль, пра тую інспекцыю Кушаля звестак няма.

Моніч быў першым беларускім партызанам, які практыкаваў «рэйкавую вайну». Гісторыя, якая здарылася ў кастрычніку 1923, прагрымела ў многіх еўрапейскіх газетах.

Партызаны абрабавалі хуткі цягнік, што звязваў Маскву і Берлін.
Гэты экспрэс мусіў сведчыць пра стабільнасць і моц маладой савецкай улады. Аксаміт, бронза, натуральная скура і чырвонае дрэва — саліднае аздабленне міжнародных вагонаў адпавядала стандартам. Яны дастаўлялі да заходняй мяжы гаспадароў новага жыцця, савецкіх і заходніх дыпламатаў. Шыкоўна, камфортна і, здавалася б, бяспечна.

10 кастрычніка на перагоне Крупкі — Бобр партызаны разабралі рэйкі. Састаў разарваўся, і адзін вагон перакуліўся. Абышлося, на шчасце, без ахвяр.

У вагоны ўвайшлі ўзброеныя людзі. Пачалося вытрасанне кішэняў.

Чарнавалосы высокі мужчына інтэлігентнага выгляду ветліва папрасіў прадстаўнікоў замежных місій не турбавацца.
Пасля звярнуўся да польскага ваеннага аташэ і спытаў, ці ведае пан палкоўнік, што ў яго аддзеле ёсць людзі з Польшчы. У адказ пачуў, што для яго, супрацоўніка Польскага генеральнага штабу, гэта не навіна. Моніч прапанаваў афіцэру вярнуць адабранае яго жвавымі хлопцамі, але паляк адмовіўся.
Ёсць версія, што пад выглядам гэтага «абрабавання» польскі генштаб перадаваў сродкі партызанам Моніча.

Частку нарабаванага ўдалося адшукаць у мясцовых сялянаў — хто прынёс сам, спалохаўшыся пагрозаў, у каго знайшлі падчас ператрусаў. Але большасць паспела скарыстаць свае здабыткі. «…частку шоўка белага я даў схаваць свайму свату Івану, а 27 аршын прадаў Цадэку за 50 пудоў хлеба, за хлеб набыў жарабя. Яшчэ прадаў Ароніку Цадэку паліто чорнае летняе за 15 пудоў хлеба», — запісаў у пратакол следчы са слоў Рыгора Загалаўца.

Моніч, як паказалі сведкі, ад сваёй долі адмовіўся на карысць «Зялёнага Дубу».

Моніч, «Чэка» і вясёлая ўдавіца

Атрад Моніча быў надзіва жывучым. Ён праіснаваў чатыры гады пасля 1921-га, калі існаванне «зялёнай» партызанкі стала нявыгадным і тым, хто яе раней падтрымліваў, . Умовы Рыжскай дамовы перадвызначылі лёс Галоўнага штаба «Зяленага Дуба». Польскія «апекуны» пачалі працес яго ліквідацыі. Партызанскі рух, які і раней не вызначаўся маналітнасцю, расцерушыўся на дробныя кавалкі, піша Ніна Стужынская.

«Жывучасць» монічаўцаў гісторык тлумачыць іх «адарванасцю» ад іншых партызанскіх структур: у адасоблены атрад складаней інспіраваць правакатара.
Хоць у 1920-м такі выпадак адбыўся.

Тут прыгодніцка-палітычны дэтэктыў ператвараецца ў лірычную гісторыю.

Атаман Моніч наведваў зембінскаю красуню, удаву Аўдоццю Габец.
Дом шчырай на ласку Дусі і стаў месцам развіцця чэкіскай інтрыгі.
У мястэчку стаў на пастой конны чырвонаармейскі атрад «для аховы ад бандытаў». Хоць тутэйшыя меркавалі, што сапраўдная мэта чырвоных — кантроль над мясцовым спіртзаводам.
А камандзір атрада Корзун пачаў атаку на вяселую ўдавіцу.

Спіртзавод як магніт прыцягваў вайскоўцаў. Таму зембінцы не здзівіліся, калі следам прыйшоў яшчэ адзін атрад чырвоных з Іванам Шпакоўскім на чале. Шпакоўскі папоўніў спіс Дусьчыных ухажораў. Людзі з цікавасцю сачылі за баявымі дзеяннямі камандзіраў вакол Аўдоцці.

Раз візіты закаханых мужчын супалі ў часе. Раз’юшаныя палюбоўнікі схапіліся за зброю. Кволы на выгляд Шпакоўскі, як бывае ў вестэрнах, адным стрэлам зваліў мажнага Корзуна.
На ўвесь Зембін загаласіла Аўдоцця. Шпакоўскі і яго аддзел паўскоквалі на коней і паскакалі ў лес хавацца ад закону. Параненага Корзуна адвезлі ў барысаўскі шпіталь. Потым пайшлі чуткі, што ён памёр.

Насамрэч Шпакоўскага звалі Ян Крыкман. Быў ён чэкістам.

Пасля Крыкман успамінаў, што гэты спектакль з стралянінай дазволіў яму ўвайсці ў давер да Моніча.
Ведаючы, што Аўдоцця Габец — яшчэ і яго каханка, вайскоўцы за чаркай у яе хаце абмяркоўвалі «сакрэты». У хуткім часе пасля скандалу Шпакоўскага знайшоў пасланец атамана і прапанаваў далучыўцца да партызанаў.

Два тыдні цягнулася аператыўная гульня. Пасля па Монічу ўдарыў моцны чырвонаармейскі атрад. Страты партызанаў былі велізарнымі. Атаман здолеў уратавацца, але

базы забяспячэння, яўкі ў вёсках, Крупках і Барысаве — усё, што за два тыдні ў атрадзе паспелі пабачыць людзі Крыкмана — было страчана…

Сонька-дзве ў адной

Гэта не адзіная рамантычная лінія гісторыі Моніча, вартай цэлага кінасерыяла.

Моцны, ладны, адукаваны кавалер, фактычны гаспадар усяго наваколля, не мог не прыцягваць увагу кабет.
У «Кароткім нарысе гісторыі міліцыі Беларусі» побач з яго імем фігуруе імя Сонькі. «Сонька была як дзве ў адной, — кажа Ніна Стужынская. — Яна прывозіла ў атрад грошы, вопратку, медыкаменты, вербавала новых байцоў. У 1923 жанчына змагла пераправіць да Моніча праз мяжу з Польшчы дванаццаць чалавек».
Асноўная крыніца звестак пра Соньку — яе следчая справа. Насамрэч яе звалі Фяўроння Наўроцкая (прозвішча па мужу, дзявочае — Рыбак).
Сведка на судзе, яе сястра Агаф’я, не пашкадавала фарбаў: «
з чортам ў галаве», кручаная, «гуляць» пачала з пятнаццаці гадоў, сышла ад бацькоў. Сялянская гаспадарка не займала яе.
Душа прагнула кахання, прыгодаў. Знайшла занятак цікавы:
праз мяжу вазіла кантрабанду, на савецкім баку гандлявала хусткамі, панчохамі, мылам, тытунем. Для свайго Жоржыка (так яна называла атамана) дастаўляла зброю і патроны, была кур’ерам і выведніцай.
Вандравала па вёсках, гадала на картах, збірала інфармацыю.

Геаграфія прыгодаў спрытнай сялянкі выклікае здіўленне: Румынія, Польшча, Каўказ, Беларусь па абодва бакі мяжы. Раз,

вярнуўшыся з Румыніі, яна адрэзала касу і пажадала звацца Сонькай. У эпоху знакамітай Сонькі Залатой Ручкі выбар псеўданіма быў перадвызначаны.

Гісторыя кахання гэтых Боні і Клайда з-пад Барысава пачыналася рамантычна.

Моніч і Фяўроння пазнаёміліся, калі ён настаўнічаў у вясковай школцы — да вайны.
Каханне ўспыхнула ізноў пасля вяртання Моніча ад Врангеля.
З паказанняў Соні суду вынікае, што яна была побач з ім у Польшчы, дзе ён далучыўся да нейкага «жонду» (Беларускага Палітычнага Камітэта (?)).
Чаму Соня пры канцы бурлівага 1920-га апынулася адна ў Беларусі, з яе блытанага аповяду цяжка зразумець.

«У 1920 годзе брат мой Іван, — распавёў на допыце малады селянін з вескі Шчаўры Язэп Наўроцкі, — ездзіў за соллю да польскай мяжы, пазнаеміўся недзе на паўдарозе за Якімаўкай з нейкай Сонькай Рыбак». Сваякам шчаслівы Іван аб’явіў, што знайшоў жонку. Але хутка сям’я зразумела, што нявестка не здольная да працы на гаспадарцы. Да таго ж, у

адсутнасць мужа да іх у хату заўсёды прыходзілі падазроныя людзі. Хто? Соня не задумвалася: «Брацельнік». Прадукты з дому Соня выносіла рэгулярна. Усё трапляла Монічу. А праз год, прыхапіўшы мяса забітага вала, каштоўныя рэчы (сваякі з асаблівым жалем згадвалі кравецкую машынку) яна сышла ў лес.
Па рамантычнай версіі самой Соні, Моніч выкраў яе са сваім сябрам, нейкім Ларывонам, які ці то дапамагаў, ці то кантраляваў раней іх з Монічам «працу» ў Польшчы.

У матэрыялах следства Сонька фігуруе і як кіраўнічка ўзброенага аддзелу. Савецкая выведка ў гэты час не раз паведамляла аб дзейнасці між станцыяй Прыяміна і Барысавам атрада нейкай Маруські… Мо тут проста блытаніна з імёнамі?

Амуры атамана

Яе адносіны з атаманам складаліся няпроста.

Інфарматар ЧК з вёскі Вялікае Хацюхова ў даносе за верасень 1923 года падрабязна апісаў, як Таццяна Рогава, дзяўчына з суседняй Радзіцы, апранутая надзвычай зайздрасна для мясцовых модніц (футрачка, шаравары-галіфэ, боцікі на высокіх абцасах), ішла з атаманам у лазню Язэпа Шышко на вачах ва ўсёй вёскі.
У Радзіцы неўзабаве завітала і Соня з атрадам, прымусіла гаспадара пакарміць яе людзей, выпытала навіны і плёткі і зноў знікла ў лесе. Ці не жаночая рэўнасць прыгнала яе?
Магчыма, амуры Моніча прымусілі Соню вярнуцца ў Шчаўры. Муж дараваў ёй здраду.
Сваякі папярэдзілі Івана, «каб нагі яе не было ў іх». Пазней Іван быў арыштаваны па справе за набыццё скрадзеных рэчаў. (Соня прынесла з абрабаванага цягніка?)
А ўвесну 1924 сваякі і аднавяскоўцы пабачылі Соню, пра якую ведалі, што «зноў скруцілася з Монічам», на лаве падсудных. Каханне і палітыка прывялі да трагічнага фіналу: 2 сакавіка 1924 Соня разам з іншымі шасцю паплечнікамі Моніча была асуджаная да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу.

Беларускія валькірыі

Выпадак Соні-Фяўронні — не адзінкавы.

Жанчыны не былі пасіўнымі назіральніцамі ў падзеях 1920-х.
Заходні псіхолаг В. Дзенкінэ сцвярджаў, што ў ХХ ст. адбылася інтэлектуалізацыя і фемінізацыя тэрору. На суседніх украінскіх абшарах у той час грымела імя не толькі знакамітага Махно, але і яго паплечніцы Маруські — Марыі Нікіфаравай.
Гісторыкі мала цікавіліся пакручастым жыццём беларускіх «валькірый» — колькі захапляльных сюжэтаў застаецца без увагі! Чаго варты жыццяпіс Ганны Доўгерт, нарачонай атамана Дзергача, найлепшай выведніцы «Зялёнага Дубу».
Яна пражыла ўсяго 21 год: расстралялі бальшавікі. Да прыходу ў «Зялёны Дуб» паспела паваяваць разам з Махно, атаманамі Струком і Сакалоўскім. Дый сястра апошняга,
настаўніца Маруся Сакалоўская, пасля гібелі брата ўлетку 1919 года, узначаліла яго аддзел.
Жанчына назвала атрад у гонар брата — Паўстанцкая брыгада імя Змітра Сакалоўскага.
Яшче адна Маруся была заўважаная ў баявых рэйдах побач з атаманам Мефодзіем Караткевічам. Партызанскім антыбальшавіцкім аддзелам у Гарбацэвіцкай воласці Бабруйскага павета кіравала Марыя Варановіч пасля таго, як яе муж быў забіты ў сутычцы з чырвонымі.

Час, у які жылі згаданыя «Марусі» і «Соні», цікавы не толькі рэвалюцыйнымі катаклізмамі.

Жанчыны з выклікам парушалі патрыярхальныя традыцыі: пакідалі кухню, гаспадарку, сям’ю, выходзілі на поле боя.
Маладыя, дзёрзкія — некаторыя з іх скіравалі свою энергію і талент у рэчышча справы любімага мужчыны. Другія самі прэтэндавалі на ролю харызматычных лідараў.

…На прыкладзе атамана Моніча можна заўважыць, як хутка людская памяць стварае легенды:

яго «скарб», нібыта нарабаваны ў цягніку, а пасля прыхаваны, на Барысаўшчыне шукаюць з не меншым імпэтам, чым у іншых мясцінах — «карэту Напалеона»
або «залатых апосталаў Радзівілаў». І магілу расстралянай Сонькі паказваюць дагэтуль.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?