Два месяцы пасьля мясцовых выбараў сталі для апазыцыі перш за ўсё часам высьвятленьня адносін да Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Гэтыя 60 дзён не дадалі адзінства апазыцыі — створаная пагадняльная камісія павінна перш за ўсё прадухіліць распад хісткай апазыцыйнай кааліцыі. Каменем спатыкненьня для вузкапартыйных інтарэсаў стаў мэханізм падрыхтоўкі і правядзеньня КДС.

Незалежная прэса даволі шмат выказвалася пра рознасьці падыходаў апазыцыі да Кангрэсу. І чым бліжэй дата форуму, тым больш нявысьветленых пытаньняў узьнікае: ад легітымнасьці мерапрыемства да якасьці і зьмястоўнасьці прапанаваных да зацьвярджэньня дакумэнтаў. Пры ўсёй стракатасьці ацэнак дзейнасьці кіраўніцтва АДС не выклікае сумневу нізкая эфэктыўнасьць гэтай дзейнасьці і мінімальны ўзровень даверу паміж апазыцыйнымі суб’ектамі. Суб’екты кіраўніцтва АДС імкнуцца перадусім перайграць сваіх партнэраў і менш за ўсё думаюць пра перамогу над рэжымам. Партыйным функцыянэрам болей за ўсё спадабаецца сябраваць супраць Мілінкевіча, а не супольна змагацца супраць дыктатуры. У гэтых умовах правядзеньне чарговага КДС ніяк ня можа стаць этапам кансалідацыі апазыцыі, бо на яго, па‑першае, амаль кожная структура ідзе са сваім бачаньнем будучыні і мае пра яе сваю праўду — ад лібэралаў да камуністаў, а па‑другое, шматлікія зьмены ўмоваў прадстаўніцтва і часам відавочная фальсыфікацыя мандатаў дэлегатаў ня можа надаць легітымнасьці рашэньням форуму. Ды і дэлегатам Кангрэсу па завядзёнцы будзе прапанавана прагаласаваць амаль аўтаматычна за тыя Малыя Канстытуцыі, Пастановы, Рэзалюцыі, якія прапануе аргкамітэт, без папярэдняга абмеркаваньня ў нізавых структурах кааліцыі.

Для апазыцыі зараз склалася сытуацыя цугцвангу. Кожны кірунак выбару вядзе да пагаршэньня становішча: кепска праводзіць слаба падрыхтаваны і нелегітымны Кангрэс, але таксама кепска адкладаць дэмакратычны форум да 2008 г., бо змарнуецца праца дзясяткаў актывістаў апазыцыі па зборы подпісаў за дэлегацтва на Кангрэсе.

Якое ж можа быць выйсьце з гэтага становішча? Што можа стаць пазытыўным крокам для кансалідацыі апазыцыі? Пазытыўным выйсьцем з дадзенага становішча магло б стаць правядзеньне агульнадэмакратычнай Канфэрэнцыі. І вось чаму…

Першым каменем спатыкненьня апанэнтаў Мілінкевіча і ягонай каманды стала ацэнка прэзыдэнцкай кампаніі 2006 г. Самы моцны закід да Аляксандра Мілінкевіча ягоныя апанэнты робяць з тае нагоды, што ён ня выкарыстаў магчымасьці 19 сакавіка 2006 г. атрымаць перамогу і тым самым страціў свой мандат адзінага кандыдата. Прэтэнзіі на ягоны адрас выстаўляюць накшталт таго, што Мілінкевіч ня стаў Гапонам і не павёў народ да «бацькі» або на барыкады. Але дасьведчаныя аналітыкі, палітолягі адназначна мяркуюць, што наяўнасьць на вуліцы 30 тысяч грамадзян — неабходная ўмова, але не дастатковая. Грамадзян павінна быць у 5—10 разоў больш, і толькі тады іх выступы могуць быць плённымі.

Калі ж выстаўляць прэтэнзіі да Мілінкевічава штабу, дык перш за ўсё за тое, што змарнаваны ўвесь эмацыйны ўздым вясны 2006 г., у апазыцыі не дадалося мускулаў, ды і ня быў дадзены адказ на адвечнае пытаньне «Ху із ху?» у час прэзыдэнцкай кампаніі. Менавіта тут магчыма пагадзіцца з апанэнтамі адзінага кандыдата, што аб’яднаная апазыцыя не зрабіла якаснага аналізу вынікаў выбарчай кампаніі, і для шырокай грамадзкасьці так і засталіся невядомымі ўнёскі суб’ектаў кааліцыі ў агульны вынік. І шмат хто зь сёньняшніх апанэнтаў Мілінкевіча прыпадабняецца да той мухі, што казала валу: «І я арала»...

Але ў гэтым і палягае сёньня рэсурс для кансалідацыі беларускай апазыцыі. Галоўным рашэньнем папярэдняга Кангрэсу было абраньне адзінага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча і рашэньне аб супольнай працы на перамогу ў 2006 г. Мілінкевіч і цяпер мае поўнае права і абавязаны правесьці Канфэрэнцыю актывістаў апазыцыі, якія не на словах, а ў сапраўднасьці працавалі на выбарах 2006 г., якія пацярпелі ад дыктатуры. І партыйныя функцыянэры павінны падпарадкавацца такому рашэньню, бо яно будзе адпавядаць духу Кангрэсу 2005 г., на які так любяць асобныя зь іх спасылацца цяпер. Да ўдзелу ў працы Канфэрэнцыі могуць быць запрошаны й тыя грамадзяне, якія на справе выканалі рашэньне Кангрэсу: напрыклад, сабралі за адзінага кандыдата па 100 і болей подпісаў або прынялі ўдзел у сакавіцкіх падзеях і сталі ахвярамі карных органаў. І гэта будзе легітымны форум рэальных змагароў з рэжымам, якія добра адчуваюць пульс часу. Мяркую, што сярод іх будзе і большасьць тых, хто на мясцовых выбарах рэальна сабраў 300 подпісаў выбаршчыкаў. Пытаньне пра ўдзел у Канфэрэнцыі прадстаўнікоў БСДП(Грамада) можа вырашыцца шляхам перадачы мандатаў тым сябрам Грамады, якія бралі ўдзел у Кангрэсе 2005 г. і тады ўдзельнічалі ў кансалідацыі беларускай апазыцыі.

Такая сустрэча актывістаў дэмакратычных сілаў можа стаць першай дэмакратычнай Канфэрэнцыяй, якая абмяркуе галоўныя пытаньні часу: прынцыпы і мэханізмы кансалідацыі апазыцыі, дэмакратычную альтэрнатыву дыктатуры, стратэгію і плян дзеяньняў апазыцыі, прапановы па стварэньні Ўраду народнага адзінства. Лічу, што ў сёньняшніх варунках адсутнасьці легітымнай прэзыдэнцкай улады дэмакратычным сілам варта абмеркаваць пытаньне аб Урадзе народнага адзінства. Нам, грамадзянам Беларусі, трэба быць адзінымі дзеля абароны незалежнасьці краіны, дзеля адэкватнага адказу пагрозам, якія ўзьніклі ў апошні час. Да Канфэрэнцыі патрэбна правесьці абмеркаваньне праектаў рашэньняў форуму ў нізавых структурах, каб пры правядзеньні круглых сталоў Канфэрэнцыі магчыма было прыняць кансалідаванае рашэньне. Менавіта такі альгарытм падрыхтоўкі і правядзеньня форуму дазволіць прыняць найбольш якасныя рашэньні, прадэманструе адкрытасьць і галоснасьць пры прыняцьці рашэньняў дэмакратычнымі сіламі.

Сёньня рэальна весьці гаворку аб правядзеньні Канфэрэнцыі празь месяц‑два, калі будуць гатовыя праекты яе рашэньняў. Менавіта на грунтоўна падрыхтаванай Канфэрэнцыі будзе магчымасьць наблізіцца да паразуменьня ў дэмакратычных сілах, бо кансалідацыя апазыцыі ёсьць галоўнай ўмовай для перамогі над рэжымам.

Леанід Гаравы, актывіст апазыцыі з 1988 году

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0