У Міжнародным валютным фондзе мяркуюць, што Беларусі неабходна пенсійная рэформа, заявіла 30 сакавіка журналістам пастаянны прадстаўнік МВФ у Беларусі Наталія Калядзіна.

«Безумоўна, гэта патрабуецца. Дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі неспрыяльная, насельніцтва старэе. Пенсійныя выдаткі не павінны стаць непад’ёмнай ношай для эканомікі, і таму пенсійная рэформа неабходная», — зазначыла Калядзіна ў інтэрв’ю прадстаўнікам СМІ напярэдадні ад’езду з Беларусі ў сувязі з заканчэннем сваіх паўнамоцтваў.

Яна зазначыла, што пенсійная сістэма насамрэч моцна ўзаемазвязана з дзейнасцю рэальнага сектара эканомікі.

«Узносы ж у пенсійны фонд, якія сёння выплачваюць беларускія працадаўцы, гэта фактычна падатак, велічыня якога ўплывае на канкурэнтаздольнасць прадпрыемстваў», — падкрэсліла Наталія Калядзіна.

Яна звярнула ўвагу, што пенсійны век у Беларусі ўстаноўлены на параўнальна нізкім узроўні.

«Пенсійны век, які захоўваецца ў Беларусі (55 гадоў для жанчын, 60 гадоў для мужчын) — адзін з самых нізкіх у рэгіёне. Магу сказаць як жанчына, што такая дыскрымінацыя неапраўданая», — мяркуе пастаянны прадстаўнік МВФ у Беларусі.

«Улады ведаюць, што рэформы ў гэтым кірунку трэба рабіць, — дадала яна. — Пытанне ў тым, як іх правесці з найменшымі сацыяльнымі выдаткамі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?