Рэспубліканскі лад і палітычныя вольнасьці (свабоды) у нашай вызваленай ад імпэрскага ярма краіне былі праклямаваныя 9 сакавіка 1918 году 2‑ю Ўстаўною граматаю Выканаўчага камітэту Рады Першага Ўсебеларускага Зьезду: «У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчаецца вольнасьць слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў; безумоўная вольнасьць сумленьня, незачэпнасьць асобы і памешканьня». Такім чынам, якраз 9 сакавіка магло б лічыцца Днём Рэспублікі і/ці Днём Волі.

Але менавіта 25 Сакавіка 1918 году была нарэшце і ўпершыню ў найноўшай гісторыі абвешчаная незалежнасьць Беларусі. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ў прынятай у Менску 3‑й Устаўной грамаце урачыста абвясьціла: «Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца Незалежнай і Вольнай Дзяржавай». Амаль год Рада БНР будавала інстытуты ўлады незалежнай краіны, аднак нам ня лёсіла тады пад ударамі ачмураных таталітарызмам ды хцівых суседзяў утрымаць крохкую дзяржаўнасьць на даўжэйшы час.

Вартыя вечнай удзячнасьці нашчадкаў усе, хто аказаўся годны гістарычнага моманту, не зважаючы на партыйна‑палітычныя прыхільнасьці: тагачасныя старшыні Рады БНР Янка Серада, Язэп Лёсік, Пётра Крачэўскі, старшыні ўраду БНР Язэп Варонка, Раман Скірмунт, Антон Луцкевіч, Вацлаў Ластоўскі... Усе, хто ўзяў тады на сябе адказнасьць за Бацькаўшчыну. У іхны гонар паўстануць помнікі й назавуць вуліцы.

Цягам усяго ХХ стагодзьдзя несавецкія беларусы ўшаноўвалі 25 Сакавіка як галоўнае беларускае сьвята, як Дзень Незалежнасьці.

З пачаткам новага беларускага Адраджэньня дата 25 Сакавіка вярнулася ў Беларусь. Зрэшты, яна ніколі не сыходзіла з роднай зямлі, яе ўшаноўвалі падпольна. Я быў адным з арганізатараў нелегальных сьвяткаваньняў Дня Незалежнасьці – з дэклямаваньнем Купалавых вершаў і палымянымі спрэчкамі пра лёс краіны ды місію сьведамае моладзі – у падменскім лесе ў «застойным» 1980 годзе. У 1984 Дзень Незалежнасьці быў ушанаваны вывешваньнем бел‑чырвона‑белага сьцягу над Опэрным тэатрам. А з 1988 году маладзёвыя згуртаваньні «Тутэйшыя» і «Талака» пачалі адкрыта адзначаць Дзень Незалежнасьці на менскіх пляцах і ў парках.

Слова «Незалежнасьць» у назьве сьвята было абсалютна прынцыповым. Савецкія ўлады жорстка перасьледавалі любую спробу гаварыць пра незалежнасьць Беларусі (як і іншых г.зв. саюзных рэспублік СССР). І хаця паводле тагачаснай канстытуцыі наша краіна мела «сувэрэнітэт», нават пра яго згадкі не ўхваляліся.

Выбар даты й назвы сьведчыць, адкуль мы лічым пачатак новае беларускае дзяржаўнасьці. Менавіта Днём Незалежнасьці называюць свае галоўныя нацыянальна‑дзяржаўныя сьвяты многія народы. Нездарма Лукашэнка ґвалтам перанёс гэтую назву на 3 ліпеня, дату істотную, але зь незалежнасьцю несуадносную.

Але яшчэ да яго Вярхоўны Савет 12‑га скліканьня пад уплывам сваёй намэнклятурнай бальшыні не насьмеліўся абвясьціць Днём Незалежнасьці 25 Сакавіка. Пад такой назвай як галоўнае дзяржаўнае сьвята адзначалася 27 ліпеня. Гэта вельмі важная дата ў беларускай гісторыі: у 1990 годзе Вярхоўны Савет ухваліў у гэты дзень Дэклярацыю аб сувэрэнітэце БССР, што стала прыступкай для аднаўленьня рэальнай незалежнасьці. Але ня менш (а мо’ і больш) эпахальны дзень – 25 жніўня году 1991, калі пад ціскам грамадзтва, пад безупынна ладжаныя Беларускім Народным Фронтам мітынгі на пляцы тады яшчэ Леніна, на патрабаваньне Фракцыі БНФ Вярхоўны Савет надаў Дэклярацыі статус канстытуцыйнага закону.

Згаданыя даты мусяць звацца адпаведна свайму зьместу. 27 ліпеня – дзень Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, 25 жніўня – дзень аднаўленьня незалежнасьці.

Адкуль зьявілася назва «Дзень Волі»? У 1990 годзе газэта «Свабода» выйшла напярэдадні 25 Сакавіка з кідкім загалоўкам «Дзень Волі» на першай паласе. Гэта была толькі прыгожая мэтафара. Яна спадабалася многім, але сябры Рады БНР, чыя місія – захоўваць ідэал 25 Сакавіка нескажоным, успрынялі навацыю з трывогаю: ці ня спроба гэта затушаваць зьмест падзеі, ці не заблытае яна людзей?

Гісторыя паказала, што пэўную рацыю такія трывогі мелі. Нельга аддаваць каньюнктурнікам ад рэжыму нашыя сьвятыні. Дзень Незалежнасьці – адна зь іх. Калі ж самі зракаемся называць галоўнае сьвята яго прыродным імем, няма чаго абурацца каляндарнымі маніпуляцыямі ўладаў.

Гэтаксама непрымальныя ўсе новыя прапановы – «дзень адзінства» і г.д. Іх аўтары мімаволі альбо сьвядома робяць замах на тое, што ня можа быць аб’ектам каньюнктуры й паліттэхналёгіяў.

Вінцук Вячорка, Партыя БНФ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0