Голас заўсёды стрыманага і разважлівага Уладзіміра Кудласевіча, дырэктара прадпрыемства «Баранавічырамстрой», на гэты раз прыкметна дрыжаў: «Ва ўрочышчы Гай вандалы паздзекаваліся з помніка загінулым чэшскім грамадзянам».

Невядомыя апаганілі ніжнюю частку мемарыяла — скульптуру з чалавечых рук, якія цягнуцца да неба. Па-варварску, сякерай, высечаныя кавалкі чыстай медзі, з якой зроблены помнік.

Мемарыял быў адкрыты 24 чэрвеня 1972 года ў памяць аб трох тысячах чэхаславацкіх грамадзян, расстраляных фашыстамі ва ўрочышчы Гай у чэрвені 1942-га. Сумнае месца. Яго цішыню парушаюць толькі гукі звона, які завяршае скульптуру. Але і яны не змаглі спыніць тых людцаў, якія паквапіліся на самае святое — чалавечыя боль і памяць.

Гэта не першае апаганенне мемарыяла. Гадоў дзесяць таму помнік пацярпеў ад стрэлаў паляўнічых. І знайшлі ж месца…

Праз нейкі час вандалы залезлі ўсярэдзіну скульптуры і выразалі частку меднага барэльефа з параднага боку. Майстры «Баранавічырамстроя» па-майстэрску аднавілі знявечанае месца. Гэтыя ўчасткі прыкметныя толькі зблізку. А лаз усярэдзіну заварылі, каб не было спакусы надалей.

Але яна з’явілася.

Гэтым разам злачынцы, інакш гэтых людзей не назавеш, схаваліся за мемарыял і рабілі сваю чорную справу з боку Гая. Рэстаўраваць скульптуру цяпер, як кажуць, падручнымі матэрыяламі не выйдзе. Патрэбная менавіта ліставая медзь таўшчынёй 1,5–2 міліметры.
Паводле слоў Уладзіміра Кудласевіча, на гэтую працу прыйдзецца выдаткаваць немалыя сродкі.
— Мы паспрабуем аднавіць мемарыял да 1 мая. Але хто спыніць вандалаў? І дзе гарантыя, што яны не прыйдуць сюды яшчэ і яшчэ?..

У праваахоўныя органы пададзеная заява пра факт вандалізму. Вельмі хацелася б, каб нягоднікаў знайшлі. … Зашчымела сэрца ад частага, трывожнага звону над мемарыялам.

Па кім звініць звон?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?