За некалькі гадзінаў да канцэрта ў Палацы Рэспублікі Барыс Грабенчшыкоў сустрэўся з беларускімі журналістамі ў канферэнц-зале гатэля «Планета».

Лідар «Акварыума» даўно распрацаваў уласны спосаб размовы з журналістамі — часам ён пачынае расказваць, што гурт існаваў яшчэ пры Тутанхамоне, а тое, што «Акварыум» адзначае 40 000-годдзе таму, што папярэднія гады Грабеншчыкоў проста не памятае. Але на мінскай прэс-канферэнцыі ён трымаўся іншай тактыкі, іранічна разважаючы на любую зададзеную тэму.

«У Тайландзе я знайшоў выдатнае месца для адпачынку. — кажа БГ. — Там на 5 000 метраў няма ніводнага расейца».
Пра расейскую культуру ён увогуле выказваўся не вельмі —
«савецкая атмасфера нікуды не знікла, яна тут існуе недзе з сярэдзіны XIX стагоддзя, таму галоўнай кнігай для расейскага народа павінна заставацца азбука.
Куды рухаемся? Ну як на мяне, то калі ўжо трапілі ў сярэдзіну XIX стагоддзя, то варта рухацца ў накірунку васемнаццатага». Дарэчы, таму і не глядзіць серыялы, дзе здымаецца ягоная дачка — «не люблю савецкае мастацтва, а ў Расіі з сярэдзіны ХІХ стагоддзя ўсё мастацтва савецкае». Па БГ ніколі не зразумець, што ён кажа на поўным сур’ёзе, а што жартам.

За паўтары гадзіны паспелі абмеркаваць усё — рэлігію (якая паводле БГ не мае дачынення да Бога), падарожжы, выхаванне дзяцей (якім Грабеншчыкоў не займаецца).

Нават пра забароненых у Беларусі музыкантаў згадалі. Грабеншчыкоў сышоў у разважанні:
забараняць культуру — гэта занятак перманентны, ва ўсе эпохі гэтым займацца можна. Але пра сітуацыю з музыкамі ён не ведае, і дарадцам тут будзе не асабліва — добрым, але калі б кіраўніцтва краіны спытала, тады б што-небудзь параіў.
Нашмат больш прадметна абмяркоўвалі гарэлку.
Грабеншчыкоў растлумачыў, што, каб трапіць у стан «старажытнаруская туга» трэба выпіць дзве шклянкі, і
для гісторыі Расіі нашмат больш прадуктыўнымі былі тыя перыяды, калі гарэлкі пілі менш.
«Ад яе і з’яўляецца ў пэўны момант грубасць, старажытнаруская туга, і неперадавальнае жаданне хутка даць у морду таму, хто падвярнецца пад руку».

Шмат пытанняў было пра падарожжы — Грабеншчыкоў толькі ўчора ранкам быў у Парыжы, адкуль адразу трапіў на гістфак БДУ.

Уражанні Грабеншчыкова ад Беларусі мала чым розніліся ад нядаўніх ацэнак Валерыі. БГ усміхнуўся і таямніча сказаў:

«Вы жывяце ў раі.
Дзе яшчэ на вуліцы ноччу пуста, цішыня, ніхто не ходзіць апроч анёлаў». Аднак, паводле лідара «Акварыуму» рай увогуле паўсюль.

Адказваючы на пытанне пра любімае свята, БГ спачатку згадаў Новы год, пасля дзень народзінаў, пасля намякнуў, што ўсе святы любіць: «Вось сёння дзень аб’яднання Расіі і Беларусі — па-мойму, геніяльнае свята» -.

Грабеншчыкоў кажа, што заўжды расказвае людзям пра тое, што яны ведаюць без яго, даводзіцца толькі нагадваць. І на пытанні пра «астральныя цыклы» адказваць не хоча, бо сам па сабе просты, і такіх цяжкіх канструкцый не разумее. Тым не менш усіх навокал куды больш цікавіць не новы альбом «Акварыуму», а «ці будзе канец свету?»

«Павінны з’явіцца пятыя „Піраты Карыбскага мора“, трэці „Шэрлак Холмс“ Гая Рычы, другі „Хобіт“. — пералічвае БГ. — Ну і скажыце, які ўжо канец свету? Нельга, бо як жа мы тады ўсё гэта паглядзім?»
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?