Маці асуджанага па справе аб тэрарызме і расстралянага Уладзіслава Кавалёва раней апасалася за сына, а цяпер — за дачку.

У інтэрв’ю, апублікаваным 2 красавіка ў газеце «Московский комсомолец», яна расказала, што «старалася не выступаць супраць сістэмы» і «гаварыць мякчэй», бо баялася за сына. «Цяпер я баюся за дачку», — дадала Любоў Кавалёва.

Паводле слоў жанчыны, падчас следства і суда па справе аб выбуху ў мінскім метро ёй «адкрыта не пагражалі». «Але адну гутарку са следчым я запомніла. Мы размаўлялі па тэлефоне, ён быў ветлівы, сам усё расказваў. У канцы гутаркі ён абмовіўся: „Жывіце спакойна, у вас сям’я, дачка…“ Гэтыя словы я ўспрыняла як пагрозу», — падкрэсліла Кавалёва.

Яна пераканана, што яе сына і галоўнага абвінавачванага па справе — Дзмітрыя Канавалава — «збівалі, каб выбіць паказанні».

Паводле слоў Любові Кавалёвай, 14 красавіка мінулага года яна прыязджала ў турму, каб перадаць перадачу Уладзіславу. «Зняволены, які сядзеў у суседняй камеры з сынам, пазней расказаў, што 15 красавіка перадача яшчэ стаяла каля дзвярэй камеры, пакуль майго сына ўсю ноч збівалі, каб выбіць паказанні», — расказала маці пакаранага.

Яна таксама лічыць, што Дзмітрыя Канавалава «моцна збілі ў першы дзень затрымання». «І калі транслявалі відэадопыт Дзімы ў судзе — ён не тое, што сядзець, ён гаварыць не мог, яго ўвесь час ванітавала», — заўважыла Любоў Кавалёва.

Паводле слоў жанчыны, калі адвакат Канавалава выклікаў яму ўрачоў, каб зафіксаваць пабоі, «урачы далі заключэнне, што пабоі былі нанесены падсуднаму задаўга да арышту». «Але ёсць фатаграфіі затрымання Улада і Дзімы, дзе на іх не відаць ніводнага сіняка», — падкрэсліла маці Кавалёва.

Яна расказала, што спачатку яе сыну прызначылі дзяржаўнага адваката.

«Але калі я ўбачыла, што майго сына топяць, то вырашыла змяніць абаронцу
. У Віцебску я абышла ўсе адвакацкія палаты. Абараняць Улада пагадзіўся толькі Станіслаў Абразей. Я ўдзячная Богу, што гэты адвакат знайшоўся своечасова, бо следчыя хацелі падзяліць два папярэднія выбухі ў 2005 (у Віцебску. — БелаПАН.) і 2008 (у Дзень Незалежнасці ў Мінску. — БелаПАН.) гадах, якія адбыліся ў Беларусі, паміж Уладам і Дзімам. Абразей сарваў іх план», — лічыць Любоў Кавалёва.

Паводле меркавання жанчыны,

на першым допыце яе сын усё падпісаў «па наіўнасці», бо яму далі зразумець: калі ён пагодзіцца на супрацоўніцтва са следствам, яму змякчаць пакаранне.
«Але сын не пайшоў на повадзе ў следства і на судзе расказаў, як усё адбывалася на самой справе — якім чынам выбіваліся паказанні, перадаў гутарку са следчымі», — нагадала Кавалёва.

Яна таксама адзначыла: «Калі Улад на судзе адмовіўся ад сваіх паказанняў, на наступны дзень звольнілі генеральнага пракурора Беларусі. Затым сын не пацвердзіў свае паказанні на вочнай стаўцы ў псіхіятрычнай клініцы. Судовае пасяджэнне ў той дзень экстранна спынілі. Праз пару дзён пасады пазбавіўся міністр юстыцыі. Ці выпадкова гэта?»

На пытанне, хто мог учыніць тэракт у мінскім метро, калі не яе сын і Дзмітрый Канавалаў, Любоў Кавалёва адказала так: «У мяне ёсць адказ на гэта пытанне, але я не стану яго агучваць — проста прывяду некаторыя факты.

Тэракт здарыўся напярэдадні ўвядзення санкцый Еўропы супраць Беларусі. У той час Расія не дала крэдыт нашай краіне.
Прайшлі незразумелыя выбары, пачаліся палітычныя суды, абвалілася беларуская валюта, людзі кінуліся ў банкі здымаць грошы, рэзка скокнуў долар — і на фоне ўсяго гэтага адбыўся тэракт. І каму гэта было трэба?»

Любоў Кавалёва таксама расказала пра апошняе спатканне з сынам, якое адбылося 11 сакавіка і было самым доўгім — тры гадзіны.

«На апошнюю сустрэчу з Уладам я прыехала разам з дачкой Таняй. Як жа з намі ветліва абыходзіліся ў той дзень! Намеснік начальніка расказваў мне, што Уладу ўвесь час даюць вітаміны для падтрымання імунітэту, што яму купляюць усё, што патрабуецца. Тады ж Уладу прапанавалі напісаць спіс літаратуры, а супрацоўнік СІЗА КДБ ласкава пагадзіўся схадзіць у кнігарню і ўсё яму купіць. Дарэчы, у той дзень з сына ўпершыню знялі наручнікі. Я ўжо грэшнай справай падумала штосьці добрае. Мяне збянтэжылі толькі вымучаная ўсмешка на вуснах сына і чырвоныя ад слёз вочы.

Калі спатканне падышло да канца, Улад нечакана стаў бледным. Ён астматык, я падумала, што яму стала дрэнна ў душным памяшканні. А потым да мяне дайшло — ён ведаў, што гэта наша апошняя сустрэча. А я нічога не адчула»,
 — расказала маці расстралянага.

Яна лічыць, што 14 сакавіка, калі па дзяржаўным тэлеканале было аб’яўлена, што прэзідэнт адмовіў Канавалаву і Кавалёву ў памілаванні, «хлопцаў ужо не было ў жывых» (у пасведчанні аб смерці, якое Кавалёва атрымала ў ЗАГСе Першамайскага раёна Віцебска, датай смерці ўказана 15 сакавіка. — БелаПАН.).

Любоў Кавалёва таксама лічыць, што

Дзмітрыю Канавалаву проста не далі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі — «а народу паднеслі гэта так, быццам ён сам не захацеў».

У канцы інтэрв’ю жанчына падкрэсліла: «Пакуль я жывая, буду прасіць Лукашэнку выдаць мне цела сына. Можа, хоць на гэту просьбу ён адгукнецца».

30 лістапада 2011 года Вярхоўны суд прыгаварыў 25-гадовых Канавалава і Кавалёва да вышэйшай меры пакарання — смяротнай кары. Канавалаў прызнаны вінаватым у злосным і асабліва злосным хуліганстве, наўмысным знішчэнні маёмасці, незаконным набыцці, захоўванні, перавозцы выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, тэрарызме, спалучаным з забойствам людзей. Кавалёў — у злосным і асабліва злосным хуліганстве, наўмысным знішчэнні маёмасці, незаконным набыцці, захоўванні, перавозцы выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, неданясенні аб падрыхтоўцы асабліва цяжкага злачынства, аб учыненні асабліва цяжкага злачынства і асобе, якая яго ўчыніла, аб месцы яе знаходжання, а таксама ў дапамаганні тэрарызму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?