Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае памяці бацькоў беларускага адраджэння пачатку ХХ ст., заснавальнікаў «Нашай Нівы», братоў Антона і Івана Луцкевічаў — пройдзе 5 красавіка ў Віленскай ратушы,
паведамляе БелТА са спасылкай на пасольства Беларусі ў Літве.

У гэты ж дзень адбудуцца і іншыя мерапрыемствы ў гонар 20-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Літоўскай Рэспублікай.

Так, у Літоўскім эдукалагічным універсітэце (былы Віленскі педагагічны інстытут) запланаваны круглы стол «Ад мінулага да будучыні: беларускі музей імя Івана Луцкевіча». У дыскусіі возьмуць удзел беларускія і літоўскія эксперты, прадстаўнікі грамадскасці. Пасля яе завяршэння будзе адкрыта фотавыстава Леаніда Касабуцкага «Грунвальдская бітва».

Ва універсітэце адбудзецца таксама прэзентацыя кнігі Вікторыі Мурашкене «Я не магу не любіць цябе» пра памерлага мужа — першага кіраўніка паваеннай беларускай дыяспары Літвы, опернага спевака Лявона Мурашку (1924–2010). Адкрыецца экспазіцыя з фондаў музея Луцкевіча.

Завершацца мерапрыемствы канцэртам ансамбля салістаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі «Класік Авангард».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?