Можа і некарэктна прысвячаць эсэ жывым людзям, але жадаць чалавеку смерці з мэтай напісаць аб ім — яшчэ горш.
Пагаворвалі, што ў Валеркі Сядзельніка будаваўся дом пад Талінам. А яшчэ, што ён «кабель», правакатар і сябар Варшаўскай філіі БАЖу. З апошнім момантам, як карэнны гарадзенец, ён рашуча не пагаджаўся.
— Валера, ты колькі з ёй сустракаўся?
— Два гады.
— І што — усё?
— Ну, так, — разводзіць рукамі.
— І хто вінаваты?
— Ну, хто — адлегласць вінаватая, Лукашэнка... — зацягвае пад агульны рогат колішні змагар. Твар як заўжды каменны, вочы блішчаць, тон лірычны, пагаліцца, вядома, забыўся... Ёсць такая беларуская хвароба — «абагаўленне» асобы з абавязковым наступным «скіданнем куміраў». І Сядзельнік тут не стаў выключэннем. Багата хто грашыў гэтым — асабліва старыя імпатэнты ды акулярыкі, сапраўдныя рахманыя і талернатныя беларусы (значэнне слова «рахманы» заўжды было для мяне таямніцай).
Каго толькі з яго не спрабавалі ляпіць! Пісьменніка, гісторыка, медыйную зорку, нацыянальнага лідэра...Кожны чарговы «дэміург» зазвычай прапаноўваў нешта сваё, тое, што ўжо меў сам, але з чым бы з задавальненнем развітаўся ў абмен на раскошу ўсмешлівай абыякавасці, якую некаторыя рамантыкі дагэтуль называюць «свабодай».
— Калі ты, Валера, п’яны калі-небудзь падохнеш пад плотам — я табе гэтага не прабачу!
— Эх, Андруша...
— Калі ты ўжо, нарэшце, за розум возьмешся?
— Ды я б з радасцю...
Гадоў з дзесяць таму ўсё было па-іншаму.
Жыццё ў нефармальнай сталіцы Заходняй Беларусі (а мо і не толькі Заходняй?) віравала: акцыі, мітынгі, рэзалюцыі, легендарнае шэсце з паходнямі па Савецкай у 1999-м,якое нарадзіла легенду аб УНСО ў Горадні... Цяпер, нібыта, таксама засталіся рэзалюцыі, сіратлівыя пікеты, дні волі, нібыта, ніхто не адмяняў і з календара не выкрэсліваў — але што ўсё гэта ў параўнанні з тым, што было тады? Пара кветак, сумныя песні, сінія ад «карчоўкі» морды па заканчэнні афіцыйнай часткі «Дня герояў» у Свіслачы...
А 2001-ы? Незабыўны 2001-ы, які нібыта ўзяў ды з размаху ўдарыў тварам аб асфальт цэлае пакаленне. Я не ведаю, дакладней, не памятаю гэтага — мне хапае штодня бачыць зомбі са згаслымі вачыма, якія так і не змаглі адысці ад таго ўдару.
Іх сэнс жыцця застаўся недзе там, у верасні першага году, мажліва нават у тым самым моманце, калі ашалелыя ад напругі «краёўцы» ўварваліся ў пустую залу занятага ДК Прафсаюзаў, а там... невыразны смуглявы чалавек у акулярах, якога ведала ўжо уся Беларусь, не знайшоў нічога лепшага як пісаць «Адозву да беларускага народу»...
На гэтым усё, зразумела, не скончылася, былі зноўку спробы, высілкі, «жорсткія рэзалюцыі» ды панурыя белыя з чырвоным гваздзікі да помнікаў.
Нехта сышоў у «бытавуху», нехта з’ехаў з краіны, нехта ўжо хутчэй па інэрцыі працягваў «разбудоўваць беларушчыну»...
Неяк у верасні ўжо пасля вызвалення мы выпадкова сустрэліся з Валерам у Горадні на Савецкай, прыселі выпіць квасу ў адзін з агароджаных «загонаў», якія беларусы памылкова называюць летнімі кавярнямі.
-- Дык вы, значыцца, разам жыць плануеце... Думаеце надоўга?
-- А ты думаў.
-- Зразумела, але ты май на ўвазе: я вось зубы далячу, ды праз годзік на Аляску — крабавы промысел, ведаеш, прыгажосць неверагодная...
Паедзе, не сумняюся. Працаваў жа ў Арызоне перад тым як стаць журналістам як усе.
Што ў рэшце рэшт трымае гэтага чалавека? Каму ён і чым забавязаны? Радзіме? Так. Але не акулярыкам-кухонным нацыяналістам, вечным заўзятарам гістарычных падзеяў, якія ніколі не выйдуць на поле,толькі не ім.
Яшчэ, канечне, Богу. Але Валера пра гэта пакуль не ведае. У дадзеным выпадку лепш «пакуль», чым «ужо». Калі не адкрылася пад ментоўскім ботам ці ў кабінеце гарадзенскага КДБ на Тэльмана (па іроніі лёсу за немцамі там было гестапа), мажліва адкрыецца сярод холаду ды цемры палярнай ночы.
Калі б у Валеры запыталіся навошта ён жыве, ён бы схітраваў, але пасля б прызнаўся: дзеля кнігі. Бо пакінуць па сабе кнігу — далёка не найгоршы сыход для беларуса.Беларусы як-ніяк кніжная нацыя. Кнігі для яе як агеньчыкі — спаліць усё навокал не ў стане, але і згаснуць не даюць.
Вось і Валера піша кнігу свайго жыцця: ці то пра Горадню, ці то пра 90-я, а мажліва пра самога сябе. Працэс гэты мае агульныя рысы гульні з жыццём — пакуль не напіша нібыта і не памрэ, не «падохне пад плотам»...
-- Я вось апошні сказ прыдумаў: «Беларусь — гэта прыгожая і сумная казка, якая знікае як толькі перастаеш у яе верыць». Прыдумаў і... рэшту стала нецікава пісаць, --глядзіць на мяне вялікімі зялёнымі вачыма нібыта ў люстэрка чарговы таленавіты гарадзенскі раздзяўбай.
Трымайся, Валера, і пішы зараз: крабы пачакаюць, а вось жыццё -- наўрад ці.
* * *
Алесь Кіркевіч — намеснік старшыні «Маладога Фронту». Быў асуджаны па справе аб «масавых беспарадках», атрымаў чатыры гады турмы. Пазней быў памілаваны. Жыве ў Гродне.