Сёння адбылася сустрэча лідэра дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандра Мілінкевіча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Зеевам Бен‑Ар’е.

Падчас сустрэчы былі абмеркаваныя магчымыя варыянты развіцця палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Зееў Бен‑Ар’е адзначыў, што Ізраіль падтрымлівае і далучаецца да ўсіх ініцыятываў Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі.

Аляксандр Мілінкевіч прапанаваў стварыць беларуска‑ізраільскую адукацыйную праграму, дзякуючы якой, моладзь з Беларусі мела б магчымасць удасканальваць веды ў галіне эканомікі, паліталогіі, дзяржаўнага будаўніцтва. Аляксандр Мілінкевіч абмеркаваў таксама з амбасадарам Ізраіля магчымасці падтрымкі сучаснай нацыянальнай беларускай культуры.

Пасля заканчэння сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Зеевам Бен‑Ар’е, лідэр дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандр Мілінкевіч адзначыў:

‑ Ізраіль – гэта краіна, значная частка жыхароў якой сваім паходжаннем звязаны з Беларуссю. Многія з грамадзянаў Ізраіля маюць тут сваякоў. Ёсць значная зацікаўленасць у Беларусі і з боку ізраільскага бізнэсу. Таму працэсы, якія адбываецца ў нашай краіне, не пакідаюць абыякавым тамтэйшае грамадства і ўплывовыя палітычныя сілы Ізраіля выказваюць намеры супрацоўнічаць з беларускімі дэмакратамі. І гэтая зацікаўленасць ёсць таксама з нашага боку, таму спадзяюся, што сённяшняя сустрэча гэта толькі пачатак нашых кантактаў, — сказаў Аляксандр Мілінкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?