Мэдыйная група «Viacom» паведаміла сёньня пра падачу пазову супраць інтэрнэт‑сэрвісаў «Google» i «YouTube» за «парушэньне аўтарскіх правоў» i запатрабавала ў сувязі з гэтым 1 млрд. даляраў кампэнсацыі за панесеныя страты.

«Viacom» абвінаваціў гэтыя два інтэрнэт‑сэрвісы ў «масавым парушэньні аўтарскіх правоў што тычыцца забаўляльнага зьместу мэдыйнай групы «Viacom» (між іншым MTV, Paramount, Comedy Central, VH1)».

Мэдыйная група «Viacom» сьцьвярджае, што больш за 160 тыс. фільмаў і відэакліпаў, што паходзяць зь яе кабэльных станцыяў, былі незаконна разьмешчаныя на гэтых папулярных інтэрнэт‑сэрвісах.

Канфлікт паміж «Viacom» i «YouTube» цягнецца ўжо некалькі месяцаў. У лютым «Viacom» запатрабаваў прыбраць больш за 100 тыс. нелегальна дэманстраваных на «YouTube» кліпаў.

Апроч мільярду даляраў за панесеныя страты, «Viacom» патрабуе таксама прыняць загад, што забароніць «Google» i «YouTube» парушаць аўтарскія правы ў будучыні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?