1 сакавіка Беларуская служба радыё «Свабода» правяла анлайн-канферэнцыю з удзелам старшыні аб’яднання «Правы чалавека ў Беларусі» (Берлін) Гансам-Георгам Вікам (у 1985—1990 гг. ён кіраваў Федэральнай разведвальнай службай Германіі, а ў 1997–2001 гадах узначальваў Кансультатыўна-назіральную групу АБСЕ ў Мінску).

Адна з наведніц сайта пацікавілася ў госця, ці не лічыць ён, што для прадухілення «знішчэння Беларусі» варта надзяліць Раду БНР, якая дзейнічае ў эміграцыі з 1919 года, статусам часовага ўрада ці ўрада ў выгнанні.

«Пасля антыканстытуцыйнага перавароту ў 1996 г. ніхто так і не паспрабаваў стварыць эміграцыйны ўрад за мяжой. Аб гэтым можна пачаць думаць зараз, улічваючы апошнюю напружанасць у адносінах паміж ЕС і Менскам», — адказаў тады Вік. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ніводная дзяржава не прызнае ў якасці ўрада ў выгнанні Раду БНР.

Заява Віка выклікала рэзананс у беларускіх апазіцыйных колах.

Сам Ганс-Георг Вік не лічыць стварэнне беларускага ўрада ў выгнанні верагодным.

«Неймаверна, што такі крок будзе зроблены ў цяперашніх умовах, — сказаў цяпер ён. — Палітычная апазіцыя абвясціла б сябе урадам у выгнанні толькі ў тым выпадку, калі б гэты крок шырока падтрымалі ключавыя краіны».

Ганс-Георг Вік адзначыў, што ўрад у выгнанні ствараецца ў выпадку ваеннай акупацыі,

калі гвалтоўна зрынуты законны ўрад спрабуе атрымаць міжнароднае прызнанне, абаснаваўшыся за мяжой. У якасці прыкладу ён назваў польскі ўрад у Лондане пасля нямецка-савецкай акупацыі Польшчы ў 1939 годзе.

«Безумоўна, палітычных апанентаў улады ў Беларусі душаць ва ўсіх адносінах, — сказаў Вік. — Заходнія краіны не лічаць, што ўрад, які знаходзіўся цяпер у Беларусі ва ўладзе, быў узаконены праз дэмакратычныя выбары.

Тым не менш, яны маюць з гэтым урадам афіцыйныя адносіны і заклікаюць яго адпавядаць еўрапейскім стандартам дэмакратыі і правоў чалавека — на сённяшні дзень, беспаспяхова».

Па словах Віка, «ўзмацненне жорсткасці адносін і прызнанне ўрада, сфарміраванага палітычнай апазіцыяй за мяжой,

азначала б фундаментальнае пагаршэнне міжнароднай абстаноўкі ў Еўропе. Некаторыя краіны — Расія і іншыя — не падтрымалі б такі міжнародны крок».

Разам з тым, у сувязі з пагаршэннем беларускай сітуацыі ўзрасце «колькасць кантактаў еўрапейскіх інстытутаў і асобных урадаў з беларускай грамадзянскай супольнасцю». Па словах суразмоўцы, вельмі часта такія кантакты будуць адбывацца за межамі Беларусі — напрыклад, у кантэксце праграмы ЕС «Усходняе партнёрства».

Выходзіць, пасля таго, як беларускія палітычныя і грамадскія дзеячы раскрытыкавалі выказанае на «Свабодзе» прапанову Віка, ён змяніў свой пункт гледжання?

Ганс-Георг Вік растлумачыў, што ў ходзе анлайн-канферэнцыі ён меў на ўвазе наступнае: «Разважаючы над пытаннем аб стварэнні ўрада ў выгнанні, пры цяперашнім збегу акалічнасцяў дарэчы прапанаваць ЕС і яго членам ўзмацніць абмены і супрацоўніцтва з беларускай грамадзянскай супольнасцю як унутры, так і за межамі краіны, напрыклад — з ЕГУ у выгнанні і структурамі грамадзянскай супольнасці, якія ўдзельнічаюць у праграмах „Усходняга партнёрства“. У гэтым дачыненні варта рабіць нашмат больш».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?