У іх няма сваіх кватэр: усе казённыя,
І гаражоў няма сваіх, бо ёсць службовыя,
І ў лазні парацца яны ў дні будзённыя,
І людзі служаць ім, на ўсё гатовыя.

На працы яны разам, па-за працаю:
Іх дачы бок да боку шчыльна лепяцца,
Ледзь што — рука руку падспудна мацае,
І дзеці іхныя паміж сабою жэняцца.

Да іх даходзіць інфармацыя па лесвіцы,
Яны не надта прагнуць самі ўсім цікавіцца,
Бо не прывыклі асабіста ў штосьці пэцкацца,
Ім асабіста за мяжою падабаецца…

Яны і думаюць, як трэба, бо лаяльныя,
Сябруюць толькі з тымі, з кім дазволена,
Ідэі нараджаюць геніяльныя
У крэслах, цяжкай службаю намоленых.

Мацуюць ад душы закон куратніка:
«Клюй бліжняга, старанна гадзь на ніжняга».
Яны на пенсію сыходзяць акуратненька,
Такія важненькія, гальштучныя, кніжныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0