Спэцназ сьвяткуе Масьленіцу.

Фота Юліі Дарашкевіч

Сёньняшняя выбарная кампанія праводзіцца афіцыйнымі СМІ з выкарыстаньнем усяго арсэналу палітычных тэхналёгіяў і ўсіх магчымых сродкаў доступу да народнага вока, вуха, страўніка. Прачынаесься ад воклічаў радыёвядоўцаў, якія захлынаюцца ад радасьці, расказваючы пра рост ВУП, увечары зямля ходзіць хадуном ад воклічаў «За Батьку» патрыётаў-тэлепузікаў з АНТ. Але і гэта ня ўсё. Забясьпечваюцца адпаведнай літаратурай і кадры будучых прапагандыстаў, якіх хутка можна будзе ўбачыць на прадпрыемствах і іншых дзяржустановах.

Невялікія стыльныя кніжачкі з чырвона-зялёным сьцягам на вокладцы пад грыфам Інстытуту сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў пры адміністрацыі прэзыдэнта. «Беларусь у пытаньнях і адказах», «Беларусь. Статыстычны даведнік», «Беларусь і краіны сьвету». Наклады па 30—40 тыс. асобнікаў, у кішэнным і большым варыянтах. Гарадзенцы дадаткова накладам 50 тыс. асобнікаў надрукавалі брашуру эканаміста Чаркаўца зь мілітарнай назвай «Беларускі прарыў». Чаго толькі мы ні даведваемся з гэтых брашурак — і аб заробках 250 даляраў, і аб выключнай сацыяльнай зарыентаванасьці нашай эканомікі, і аб паскудных антыканстытуцыйных спробах апазыцыі захапіць уладу.

Шмат інфармацыі дае кніжачка «Беларусь у пытаньнях і адказах». «Прэзыдэнт займае асаблівае месца ў дзяржаўным ладзе і сыстэме падзелу ўладаў: у арганізацыйным сэнсе ён самастойны (выбіраецца народам), ня ўключаны ні ў адну з галінаў улады» (с. 11). Такі «пэрл» магла спарадзіць толькі беларуская прававая навука. А ўнівэрсытэцкія мужы мяне так доўга пераконвалі, што прэзыдэнцкая ўлада — вышэйшая ступень выканаўчай улады.

Найбольш цікавы разьдзел «Ідэалёгія беларускай дзяржавы». «Нацыянальная ідэнтычнасьць складаецца з многіх фактараў: тэрыторыя, этнічны склад насельніцтва, паноўная рэлігія, палітычная культура, канстытуцыйны лад, супольная тэрыторыя пражываньня, супольная мова зносінаў усёй супольнасьці, супольная культура нацыі, супольнае вярхоўнае кіраўніцтва краіны, супольныя палітычныя інтарэсы, супольная палітычная сыстэма». Тут зьмяшаліся разам і коні, і людзі. Ёсьць крыху марксізму, крыху чарнасоценшчыны (паноўная рэлігія — для Беларусі — праваслаўе). Усе астатнія складнікі «беларускай» нацыянальнай ідэнтычнасьці аж занадта палітычныя — палітычная культура, супольнае вярхоўнае кіраўніцтва краіны, супольная палітычная сыстэма… Разам з «абшчыннай псыхалёгіяй» усё гэта набывае рысы не дзяржавы пачатку ХХІ ст., а фэадальнай імпэрыі XV ст. І зусім няма ніякага акцэнту на нацыянальнае, быццам мы не жывём у краіне, дзе 80% насельніцтва складаюць прадстаўнікі беларускай нацыі і якая называецца Рэспубліка Беларусь. Больш за тое, ёсьць паняцьці (этнічны склад насельніцтва, супольная мова зносінаў усёй супольнасьці), якія намякаюць на адваротнае. Адным словам, беларуская нацыя — гэта ўсе народы, што жывуць у рэспубліцы і гавораць паміж сабою па-расейску. Ага, а замест нацыянальнага фальклёру ў нас песьні Паліны Смолавай і замест кнігаў Скарыны — падручнікі Трашчанка.

Усё гэта было б вельмі сьмешна і выключна цікава з навуковага гледзішча, калі б не было так небясьпечна. Сыстэма выразна спрабуе стварыць нацыю «пад сябе», не прыстасаваць дзяржаву да патрэбаў нацыі, а наадварот. Гэта, па сутнасьці, працяг старой палітыкі стварэньня адзінага савецкага народу, толькі ў межах адной рэспублікі. У першую чаргу за кошт беларускай нацыянальнай культуры. Іначай яны ня ўмеюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?