Судовая калегія вынесла вызначэнне аб прызначэнні Сяргею Каваленку комплекснай псіхіятрычнай экспертызы ва ўмовах стацыянару (Навінкі), паведаміў у сваім фэйсбуку праваабаронца Сяргей Сыс.

Разгляд касацыйнай скаргі на прысуд Першамайскага суда Віцебска прыпынены да заключэння псіхіятраў.

У судзе было прадстаўленае папярэдняе заключэнне псіхіятраў аб тым, што у Каваленкі маецца псіхічнае расстройства. якое выражаецца ў тым ліку і ў адмове ад ежы.
Экспертыза мусіць высветліць наступныя пытанні: ці пакутваў Каваленка на псіхічнае захворванне ў момант здзяйснення «крымінальнага злачынства» 7 студзеня 2010 года, ці мог асэнсоўваць на той час свае дзеянні; ці пакутвае на псіхічнае захворванне зараз; ці патрабуюцца да яго меры прымусовага лячэння; ці мае індывідуальныя асаблівасці псіхічнага стану.

* * *

    Сёння Віцебскі абласны суд меўся разгледзіць касацыйную скаргу актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргея Каваленкі.
    Апазіцыянер абскардзіць прыгавор, вынесены яму 24 лютага судом Першамайскага раёна Віцебска пад старшынствам Алены Жук. Суд прызнаў Каваленку вінаватым ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Гаворка ідзе аб пакаранні, вынесеным апазіцыянеру ў маі 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска, — тры гады пазбаўлення волі ўмоўна. Каваленка быў затрыманы 19 снежня 2011 года і з таго часу знаходзіцца ў зняволенні.
    У знак пратэсту супраць дзеянняў улад актывіст КХП-БНФ абвясціў галадоўку, падчас якой страціў палову сваёй вагі. Цяпер, паводле слоў жонкі Алены, ён важыць каля 45 кілаграмаў замест ранейшых 83. Сяргея Каваленку ўтрымліваюць у псіхіятрычным аддзяленні бальніцы на тэрыторыі віцебскай папраўчай калоніі «Віцьба-3».
    Паводле інфармацыі Алены Каваленка, 1 красавіка яго пачалі прымусова карміць. Прымаць ежу самастойна ў турэмных умовах апазіцыянер адмаўляецца, нягледзячы на шматлікія ўгаворванні родных і просьбы прадстаўнікоў грамадскасці і апазіцыйных палітыкаў. Пры гэтым Каваленка заяўляе, што спыніў бы галадоўку, калі б яго перавялі ў звычайную цывільную бальніцу.
    Родныя апазіцыянера сцвярджаюць, што яго стан вельмі цяжкі. «Сяргей выглядае вельмі дрэнна, — сказала Алена Каваленка пасля сустрэчы з ім 5 красавіка. — У першыя часы пры прымусовым кармленні ён знаходзіўся амаль што ў стане непрытомнасці. Адзін раз страціў прытомнасць і ачнуўся прывязаным да ложка. Потым ён быў прывязаны тры дні і тры ночы, яго нават не выпускалі ў туалет. Акрамя таго, Сяргей застудзіўся, у яго пастаянны кашаль з крывёй, што сведчыць пра адкрытую язву страўніка. У яго практычна не працуюць ныркі, печань і падстраўнікавая залоза».
    9 красавіка адміністрацыя калоніі «Віцьба-3» не пусціла да Каваленкі яго адваката. «Калі на разглядзе касацыйнай скаргі нічога не вырашыцца, гэта будзе азначаць, што яго проста паціху забіваюць», — заяўляе Алена Каваленка. У Сяргея Каваленкі двое маленькіх дзяцей — сямігадовы сын і васьмімесячная дачка.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?