Берасьцеец Леанід Валабуеў зьвярнуўся ў суд з пазовам, у якім вінаваціць газэту «Брестский курьер» у зьнявазе гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі

У пазоўнай заяве спадар Валабуеў паведаміў, што газэта распаўсюдзіла «паклёпніцкія зьвесткі», надрукаваўшы на сваіх старонках нататку «Песнь о Волубуеве». Пазоўнік патрабуе абвергнуць тыя зьвесткі й кампэнсаваць маральныя страты на 2 мільёны рублёў. Ён просіць таксама ануляваць пасьведчаньне аб рэгістрацыі незалежнага выданьня.

Галоўны рэдактар выданьня Мікалай Аляксандраў зьвярнуў увагу на тое, што спрэчная публікацыя зьяўляецца пародыяй і зьмешчаная на гумарыстычнай старонцы. Акрамя таго, першапачаткова яна была распаўсюджаная праз інтэрнэт і надрукавана ў адным з расейскіх часопісаў.

На думку спадара Аляксандрава, газэта не адказвае за распаўсюджваньне зьвестак, што раней зьявіліся ў іншых сродках масавай інфармацыі.

Перад пачаткам судовага паседжаньня высьветлілася, што жонка Леаніда Валабуева зьяўляецца народным засядальнікам у судзе Ленінскага раёну Берасьця, таму справу вырашылі перадаць на разгляд у іншую судовую ўстанову.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?