14 сакавіка маці моладзевага актывіста Дзяніса Дзянісава разам з прадстаўніком праваабарончага цэнтру «Вясна» Леанідам Сьвецікам наведалі Віцебскі сьледчы ізалятар № 2 і перадалі хлопцу ежу і незалежныя газэты.

«Наша ніва», «Народная воля», «Віцебскі кур’ер М» і іншыя незалежныя выданьні пытаньняў ня выклікалі, і Д. Дзянісаў павінен іх атрымаць. А вось кнігі перадаць забаранілі, спасылаючыся на тое, што ў СІЗА ёсьць бібліятэка. Але, як стала вядома маці арыштаванага, карыстацца выданьнямі зь бібліятэкі ейны сын пакуль ня мае магчымасьці.

Паводле Л. Сьвеціка, агульная вага перадач дасягнула пакуль 12 кіляграмаў, і таму да канца месяца ў гэтым сэнсе ёсьць запас. Маці маладзёна Раіса Аляксееўна спадзяецца, што ў бліжэйшы час Дзяніс выйдзе на волю пад залог. Адпаведную заяву на імя пракурора напісаў адвакат затрыманага Пётра Каваленка. Зараз ён з дапамогай Беларускага Хельсынскага камітэту шукае аўтарытэтных паручыцеляў і 15 млн. рублёў дзеля закладу. Пра вынікі пошукаў стане вядома ў бліжэйшы час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?