Прэзентацыя альбома гурту HandmadE адбываецца ў інтэрнэце -- на партале Tuzin.FM.

Ідэя стварыць гурт з’явілася ў беларускіх журналістаў Яўгена Валошына і Глеба Лабадзенка пяць год таму, калі яны адпачывалі ў Італіі. Паводле іх задумы, гэты праект мусіў стаць годнай альтэрнатывай той музыцы, якая прадукуецца на тэлешоу кшталту «Фабрыкі зорак» і гучыць на айчынных FM-cтанцыях.
«Гэта выглядала напачатку на вар’яцкі план. Але мы вырашылі не адмаўляцца ад ідэі, нават калі адышлі ад сонечнага ўдару. Вырашальную ролю ў рэалізацыі нашай задумы адыграў Андрэй Маркуц, які пагадзіўся далучыцца да нашага праекту», -- распавядае Яўген Валошын.

Канчаткова HandmadE сфармаваўся, як жывы гурт, калі да яго далучылася рытм-сэкцыя ў асобах Івана Махновіча і Ціхана Золатава. Партыю акардэона выконваў віртуоз Макс Квяткоўскі, які пасля адгадаваў бараду і цалкам сышоў у праграмаванне. Яго замяніў шоумен Уладзімір Пыльчанка.

Тэксты да асноўных хітоў стварыў Глеб Лабадзенка, які ў якасці паэта-перакладчыка пасупрацоўнічаў з Дакотай, Аляксандрам Рыбаком, Максам Лорэнсам, гуртом «Cтокс».
«Свае вершы, якія гучаць у песнях HandmadE, я пісаў канкрэтна для гэтага альбому Прычым ствараліся яны ў розных краінах, у самым розным антуражы», -- распавядае Глеб. Так, напрыклад,
«Вуліца-дым» напісалася ў часе глыбокай душэўнай тугі аўтара, у Мінску. Твор «Толькі разам» быў прыдуманы ў варшаўскім гатэлі Felix. «Там, дзе лета бывае кароткім…» — у аўтобусе «Прага-Парыж», калі Лабадзенка і Валошын рабілі сэрыю рэпартажаў з Заходняй Еўропы.
З песняй «Сёння ўвечары» -- наогул асобная гісторыя. Яўген і Глеб задумалі яе, як беларускі «мядляк» і першае яе выкананне адбылося на танцах у дзіцячым летніку ў Старадарожскім раёне. Менавіта дзеці і настаялі на тым, каб гэты трэк быў абавязкова ўключаны ў будучы студыйны альбом.

У сваёй творчасці HandmadE спалучыў шматлікія стылёвыя эксперыменты — як у моўным, так і музычным плане. У песнях гучыць беларуская, расійская і англійская мовы, а жанравы спектр кампазіцый сягае ад індзі-року і рэгі да акустычнага тэхна. Запісваліся песні для альбому паступова — на тыя сродкі, што меліся ў кішэнях. Таму на старонцы рэлізу змяшчаецца адпаведная пазнака пра тое, што кожны трэк каштаваў не больш за 50 даляраў. Тым не менш, запісам музыкі засталіся задаволеныя, хоць і выдатна разумеюць, што няма межаў для самаўдасканалення.

Праўда, айчынныя FM-станцыі музыку HandmadE не прынялі.

«Як толькі былі зроблены першыя трэкі, мы паспрабавалі прасунуць іх на беларускія станцыі. Але — хрэн! У пераважнай большасці кампазіцыі расцэньваліся як «нефармат», -
- кажа Яўген. Праўда, зусім іншыя адносіны склаліся ў гурту з тэлебачаннем. Анатоль Вечар зняў ім за адзін дзень відэакліп на песню «Вуліца-дым».

Яшчэ адзін кліп, мульцяшны, зрабіла для гурту фатограф Інга Купчына — юнацкае каханне аднаго з музыкаў.

Да ўсяго гурт неаднаразова клікалі на тэлеканал АНТ, дзе апошнім разам ім нават уручылі дыплом за «Песню года».

Стваральнікі HandmadE мысляць далей. Цяпер яны думаюць даставіць свой альбом спявачцы Мадоне ды прадусару Цімбалэнду. Праўда, як жартуе Яўген Валошын, ён забуксаваў па дарозе ў Амерыку. Цяпер музыка часова жыве ў Коста-Рыцы. У сувязі з гэтым, жывая прэзентацыя DEMO. The music from unfreedom пакуль не прадбачыцца. Затое ёсць выдатная магчымасць паслухаць і спампаваць HandmadE у гэтую ж хвіліну на старонцы рэлізу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?