12 красавіка на 82-м годзе жыцця памёр знакаміты тэлевядоўца, заслужаны дыктар Цэнтральнага тэлебачання і заслужаны артыст Расіі Уладзімір Ухін — дзядзька Валодзя са «Спокойной ночи, малыши».

Уладзімір Ухін прыйшоў на ТБ у 1960 годзе. Яму споўнілася 30 гадоў, ён паспеў тры гады правучыцца ў Сельгаспінстытуце ў родным Омску, скончыць эстрадныя курсы пры маскоўскім Тэатры эстрады і скончыць эстраднае ж аддзяленне ГИТИСа. Але на тэлебачанні Ухін пачаў не зусім па спецыяльнасці — простым дыктарам.

Шоуменам, калі казаць па-сучаснаму, ён стаў праз чатыры гады, калі ўпершыню выйшла ў эфір перадача «Спокойной ночи, малыши», а Ухін зрабіўся яе першым вядоўцам.

Гэтая перадача была ледзь не адзінай дзіцячай на савецкім тэлебачанні ў той час. Яна з’явілася як перайманне гэдээраўскай і хітом стала далёка не адразу —
некалькі гадоў сышло на тое, каб намацаць і зрабіць добра. Знаёмы ўсім выгляд перадача набыла толькі праз гады дзякуючы цэлай камандзе выдатных людзей. Над ёй працавалі Аляксандр Курляндскі, Эдуард Успенскі, рэжысёры, аператары, сцэнарысты і мультыплікатары — застаўка з’явілася адразу анімацыйная, класічную пластылінавую рабіў Аляксандр Татарскі, а песню «Спят усталые игрушки» праспяваў знакаміты Алег Анофрыеў.

Але на віду быў вядоўца, які хутка стаў дзядзькам Валодзем, і цацкі — Хруша, Сцяпашка, Філя (за імі, вядома, стаялі акторы-лялечнікі, але хто ў тыя гады ведаў імёны Аляксандра Ачарацянскага, Наталлі Дзяржавінай і Наталлі Галубенцавай?).

Менавіта іх і бачылі, і любілі дзеці: яны разыгрывалі сцэнкі, абвяшчалі мультфільм, а затым развітваліся, жадаючы добрай ночы.

У 70-я дзядзька Валодзя ўжо быў не адзін: у розныя гады перадачу вялі цётка Валя (Валянціна Лявонцьева), цётка Света (Святлана Жыльцова), цётка Таня (Таццяна Ведзянеева), цётка Ліна (Ангеліна Воўк), два дзядзькі Юры (Юрый Грыгор’еў і Юрый Нікалаеў)…

Такая разнастайнасць нават выклікала яшчэ адну інтрыгу для юных гледачоў у дадатак да высвятлення набору звяркоў і які мульцік пакажуць: хто ж з дарослых прыйдзе ў дзіцячы свет сёння?
У кожнага вядоўцы быў свой вобраз, характар і свая адметная якасць, але
дзядзьку Валодзю вылучала ўтульная, з лёгкім адценнем ментарства лагоднасць.
У кожнага з вядоўцаў былі і іншыя заняткі: Святлана Жыльцова вяла моўныя перадачы, Ангеліна Воўк — навіны, Юрый Нікалаеў — «Ранішнюю пошту», але са «Спокойной ночи, малыши» перш за ўсё асацыяваўся дзядзька Валодзя. Менавіта таму для савецкага дзіцяці ён быў адным з пастаянных персанажаў яго жыцця, чымсьці накшталт члена сям’і — разам з нянькамі, выхавальніцамі і настаўніцамі пачатковых класаў.

Уладзімір Ухін аддаў перадачы 31 год, больш, чым хто-небудзь іншы з вядоўцаў. Зразумела, за гэты час у яго была і іншая праца.

Ён вёў некалькі перадач, здымаўся ў кіно — у «Вялікай касмічнай вандроўцы» і «Прадчуванні кахання», дзе фактычна сыграў самога сябе.

Сышоў ён у 1995-м, калі перадача развіталася з усімі «старымі» вядоўцамі, і ўжо без яго было закрыццё (ізноў праз грошы), «высылка» на канал «Культура», які тады вяшчаў далёка не ўсюды, і вяртанне на РТР.

Сённяшні фармат перадачы Ухін так і не прыняў. «Ну што яны могуць расказаць дзецям за пяць хвілін? У нас у свой час было 15, а то і 20 хвілін на перадачу. Не толькі на мультфільм хапала, яшчэ і жыццю навучыць. А цяпер…» —
казаў ён у інтэрв’ю некалькі гадоў таму.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?