Як паведаміла начальнік упраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Людміла Равуцкая,

каля двух тыдняў таму ведамства накіравала ліст у Савет міністраў з прапановай унесці адпаведныя папраўкі ў закон «Аб рэкламе». На яе думку, забарона рэкламы ў СМІ агародзіць грамадзян Беларусі ад бескантрольнага самалячэння.

У сваю чаргу эксперт рэкламнага рынку Пётр Папялушка, выканаўчы дырэктар групы кампаній Starcom MediaVest, лічыць, што новаўвядзенне нанясе значны ўрон айчынным вытворцам лекавых сродкаў, а таксама СМІ.

Спецыяліст падкрэсліў, што забарона рэкламы лекаў выгадная найперш тым вытворцам, прадукцыя якіх ужо добра вядомая. Такім чынам, адзначыў Папялушка, будзе абмежаваная магчымасць выпуску на рынак новых прэпаратаў і гэта негатыўна адаб’ецца на росце рэалізацыі айчынных прэпаратаў. Таксама, лічыць эксперт, пацерпяць СМІ: рэклама лекавых сродкаў складае значную долю рынку, і яе забарона паменшыць даходы тэлеканалаў. Адпаведна паменшацца магчымасці СМІ купляць або ствараць якасныя праграмы.

Папялушка таксама не згодны з заявай Міністэрства аховы здароўя, што забарона рэкламы лекавых сродкаў у СМІ спрыяльна адаб’ецца на здароўі насельніцтва. Ён нагадаў, што сёння ў СМІ дазволена толькі рэклама лекаў, якія можна купіць без рэцэпта ўрача — пабочныя эфекты ў такіх прэпаратаў могуць быць вельмі нязначнымі. Акрамя таго, кожную рэкламу ўзгадняе Міністэрства аховы здароўя, якое мае права ўбраць з яе ўсе недакладныя або неправераныя сцвярджэнні. «Складваецца ўражанне, што Міністэрства аховы здароўя хоча зменшыць сабе працу», — заключыў Папялушка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?