Правакацыі ў Бялынічах

28 лютага актывіста ПБНФ Барыса Вырвіча, жыхара в.Вялікая Машчаніца, удома затрымалі міліцыянты, завезьлі ў Бялынічы, дзе зьвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы на адрас начальства. Аднак раённы суд справу разглядаць адмовіўся: Вырвіч у ім — народны засядальнік.

Моладзевага актывіста Алега Мяцеліцу, затрыманага ў Менску 16 лютага на акцыі Дзень салідарнасьці і асуджанага на 15 сутак арышту, 3 сакавіка адвезьлі ў Бялынічы й высадзілі каля райаддзелу міліцыі. На вуліцы да яго адразу падышлі два чалавекі ў цывільнай вопратцы, якія карцінна паваліліся на зямлю: яны заявілі, што Мяцеліца пабіў іх. На яго склалі пратакол за дробнае хуліганства. 4 сакавіка (выхадны дзень) судзьдзя Ўладзімер Гуз прысудзіў актывісту 15 сутак арышту.

Справа «Партнэрства»

Студэнта Гомельскага дзяржунівэрсытэту Дзяніса Залатарова выклікалі 28 лютага зь лекцыі ў дэканат юрфаку, дзе яго чакаў чалавек у цывільным, які назваўся капітанам КДБ. Кадэбіста цікавіла дзейнасьць «Партнэрства».

2 сакавіка затрыманым Эніры Браніцкай, Мікалаю Астрэйку, Аляксандру Шалайку і Цімоху Дранчуку прад’явілі абвінавачаньне. Шалайку — паводле арт.193 ч.2 Крымінальнага кодэксу (кіраўніцтва незарэгістраваным грамадзкім аб’яднаньнем, якое замахваецца на правы і абавязкі грамадзянаў). Абвінавачаньне астатнім невядомае, бо адвакату Паўлу Сапелку забаранілі яго агучваць.

Мядзел

Зьмітра Вінаградава і Андрэя Абалевіча 27 лютага выклікалі ў пракуратуру: за іхныя скаргі на таемнасьць фармаваньня ўчастковых камісіяў актывістам патлумачылі, што яны ня ведаюць закону і зьневажаюць заявай райвыканкам.

Гомель

Сьпярша ў пастарунак, а потым у пракуратуру завезьлі 27 лютага Андрэя Толчына, затрыманага падчас агітацыі за Мілінкевіча: міліцыянты шукалі чалавека, які здолеў бы пісьменна скласьці пратакол за парушэньне выбарчага заканадаўства.

28 лютага яго і Кацярыну Гаравую затрымалі ля гарвыканкаму, дзе яны раздавалі буклеты за адзінага. Быў затрыманы і Юрась Захаранка, што раздаваў улёткі за квартал ад іх. На месца затрыманых прыйшлі Аляксандар Каротчанка ды Марыя Багдановіч: міліцыянты спрабавалі іх затрымаць, але замірыліся на тым, што агітатары адышлі ад гарвыканкаму.

1 сакавіка затрымалі распаўсюднікаў буклетаў Леаніда Пліску, Артура Цурбакова, Антаніну і Генадзя Семянцовых: іх зьвінавацілі ў распаўсюдзе агітацыйных матэрыялаў у неналежным месцы.

Пяць разоў 1 сакавіка затрымлівалі А.Толчына. На яго склалі пратакол за тое, што распаўсюджваў буклеты Мілінкевіча ды газэту «Товарищ». Супрацоўніца ідэалягічнага аддзелу Ірына Клімовіч заявіла, што ён ня меў права раздаваць газэту, бо яе няма ў сьпісе афіцыйных выданьняў, дзе Цэнтравыбаркам дазволіў друкаваць праграмы кандыдатаў у прэзыдэнты.

Кобрынь

28 лютага міліцыянты падчас распаўсюду буклетаў А.Мілінкевіча затрымалі Стаса Кучынскага й Аляксандра Елісеева: у пастарунку ў іх вывучылі буклеты, перапрасілі й адвезьлі на пікет на службовай машыне.

Віцебск

28 лютага каля гарвыканкаму затрымалі актывістак АГП Алену Залескую і Тамару Маркушаву, якія пасьпелі толькі ўзяць у рукі агітацыйныя ўлёткі. Залескай вынесьлі папярэджаньне, а на Маркушаву склалі пратакол за незаконную агітацыю (яе затрымліваюць паўторна). Папярэджаньні атрымалі таксама Арцём Хадыка, Міхаіл Рухман, Яўген Родзік, якія раздавалі ўлёткі.

Распаўсюдніка Зьмітра Петрачэнку затрымалі 1 сакавіка: на яго склалі пратакол за арганізацыю несанкцыяванай вулічнай акцыі й забралі 36 асобнікаў газэты «Народная воля».

Падчас раздачы ўлётак 5 сакавіка затрымалі Вераніку Чыж, Любоў Кузьняцову, Сяргея Парсюкевіча. У іх канфіскавалі каля 1000 буклетаў А.Мілінкевіча і склалі пратаколы за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак.

Наваполацак

Васіля Храмцова й Аляксея Трубкіна затрымалі 28 лютага: яны вывешвалі плякат А.Мілінкевіча ў краме №8 гандлёвага дому «Эканом», вызначанай гарадзкой выбарчай камісіяй як месца агітацыі. Міліцыю выклікала служба аховы й адміністрацыя крамы.

Палітвязьні

Без тлумачэньня прычынаў адміністрацыя Івацэвіцкай калёніі 28 лютага адмовіла адвакату Аляксандру Бярылаву ў сустрэчы з сваім падабаронным — Валер’ем Леванеўскім.

Міколу Статкевічу 1 сакавіка беспрычынна ўзмацнілі пакараньне: цяпер ён ня мае права пакідаць памяшканьне спэцкамэндатуры ў Баранавічах.

Грамадзкія арганізацыі

Міністэрства юстыцыі за адсутнасьць юрадрасу ліквідаваў грамадзкае аб’яднаньне «Саюз праваслаўнай моладзі імя сьв.Георгія Пераможцы», які ўзначальваў М.Астрэйка.

4 сакавіка апячаталі офіс Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»: афіцыйная прычына — аварыйны стан электраправодкі.

Крымінал

27 лютага актывісту АГП, праваабаронцу з Астраўца Івану Круку высунулі абвінавачаньне паводле арт.364 Крымінальнага кодэксу (гвалтоўныя дзеяньні ці пагроза ўжываньня гвалтоўных дзеяньняў у дачыненьні да работніка міліцыі). Максымальны тэрмін пакараньня — пазбаўленьне волі да 6 гадоў.

1 сакавіка кіраўнічку РГА «Беларускі Хэльсынскі камітэт» Тацяну Процьку абвясьцілі падазраванай у крымінальным злачынстве: ёй закідаюць нібыта нясплачаныя падаткі за фінансавую дапамогу, якую атрымаў БХК у рамках праграмы TACIS. Крымінальная справа была сваім часам закрытая праз адсутнасьць складу злачынства.

Бабруйск

Падчас раздачы агітацыйных улётак 26 лютага затрымалі Аляксандра Чыгіра. У пастарунку яго хацелі зьвінаваціць у арганізацыі несакцыяванага пікету, але адпусьцілі, як толькі даведаліся, што Чыгір — дэпутат гарсавету.

Лоеў

Аўтамабіль Алега Шабетніка, прадстаўніка штабу А.Казуліна, затрымалі каля Лоева 1 сакавіка. На Шыбетніка склалі пратакол за парушэньне памежнай зоны супрацоўнікі ДАІ й памежнік, якія знаходзіліся ў машыне хуткай дапамогі. У Лоеве зь яго спатрабавалі штраф у 2 базавыя велічыні (62 тыс.), а калі Шабетнік заявіў пра незаконнасьць штрафу, яго выгналі з гораду.

Горадня

1 сакавіка затрымалі Вадзіма Саранчукова, на яго склалі пратакол за дробнае хуліганства, загадалі адразу адлучыць мабільны тэлефон, завезьлі ў суд. Суд 2 сакавіка асудзіў яго на 5 сутак арышту.

Затрымліваюць загадзя

Каб рэгіянальныя актывісты ня ехалі ў Менск на сустрэчу зь Мілінкевічам 2 сакавіка, іх затрымлівалі мясцовыя сілавікі. У Воршы 1 сакавіка атрымаў позву ў ваенкамат моладзевы актывіст Ігар Казьмярчак. У міліцыю выклікалі прафсаюзнага актывіста Васіля Леўчанкава.

Выклікі ў міліцыю на 2 сакавіка атрымалі таксама актывісты штабу Мілінкевіча з Горадні: Сяргей Мальчык, Анатоль Хацько, Максім Губарэвіч, Эдуард Дмухоўскі. Віктара Сазонава выклікалі ў аўтаінспэкцыю на ўласным аўтамабілі. Таксама дапытвалі рэдактара часопісу «Magazyn Polski na uchodzstwie» Андрэя Пачобута — у справе палітычных графіці, якія зьявіліся на сьценах дамоў у цэнтры Горадні.

Пад Віцебскам 2 сакавіка міліцыянты затрымалі мікрааўтобус з 11 актывістамі ПБНФ. На выезьдзе з Наваполацку — аўтамабіль Сяргея Сідарава, дзе ехалі таксама Вячаслаў Крышталёў, Аляксей Трубкін і Генадзь Вазьміцель: машыну адправілі ў пастарунак, каб праверыць, «ці ня ў вышуку яна».

Маршрутную таксоўку, у якой з Жодзіна ў Менск 2 сакавіка ехаў актывіст ПБНФ Аляксей Лапіцкі, затрымалі каля Смалявічаў міліцыянты-аўтаматчыкі. Яны паведамілі, што мелі ананімнае тэлефанаваньне: у маршрутцы вязуць зброю.

У Баранавічах затрымалі аўтамабіль Юрася Губарэвіча, кіраўніка Берасьцейскага абласнога штабу А.Мілінкевіча. Міліцыянты заявілі, што ягоны аўтамабіль падобны да таго, што ўчыніў дарожна-транспартнае здарэньне. Тамсама затрымалі аўтамабіль, у якім ехалі Ўладзімер Вялічкін, Канстанцін Турчыняк, Ірына Лаўроўская, Паліна Панасюк, Сяргей Вакуленка.

Прафсаюзы пад наглядам

На агульным сходзе 1 сакавіка 150 работнікаў гомельскага аўтапарку выказаліся за ўтварэньне прафсаюзнай суполкі незалежнага прафсаюзу РЭП. Адміністрацыя прадпрыемства выклікала міліцыянтаў: яны затрымалі Аляксандра Еўсейчука і Віктара Казлова, зьвінаваціўшы іх у агітацыі за ўступленьне ў «няісны прафсаюз РЭП».

Суполцы Свабоднага прафсаюзу Беларускага на заводзе «Полацак-Шкловалакно» 1 сакавіка адмовілі ў заяўцы на правядзеньне пікету: гарвыканкам заявіў, што каля прахадной праводзіць пікет нельга.

Кніга Шушкевіча

У Станіслава Шушкевіча 1 сакавіка беларускія памежнікі канфіскавалі ягоную кнігу «Нэакамунізм у Беларусі», выдадзеную ў Расеі, бо вырашылі, што там можа быць дрэнная інфармацыя наконт Лукашэнкі.

Магілёў

2 сакавіка затрымалі Ўладзімера Хаманеева, які налепліваў перадвыбарчыя ўлёткі А.Мілінкевіча ў пад’езьдзе ўласнага дому.

Скандальны чацьвер

Пры спробе зарэгістравацца ўдзельнікам усебеларускага сходу 2 сакавіка быў зьбіты і затрыманы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін. Зьбітыя таксама былі аднапартыйцы Казуліна генэрал Валер Фралоў, юрыст Алег Волчак, карэспандэнт агенцтва «Reuters» Дзьмітры Мадорскі, карэспандэнт газэты «Комсомольская правда в Беларуси» Алег Улевіч (трапіў у больніцу), карэспандэнт агенцтва «БелаПАН» Сяргей Пульша, журналіст Іван Лабачоў, Уладзімер Севярын. Карэспандэнта «БелГазеты» Дзьмітрыя Брушка, А.Улевіча, Уладзімера Казуліна (брата кандыдата) завезьлі ў пастарунак. Ненадоўга затрымалі фотакарэспандэнтаў газэты «Наша Ніва» Юлію Дарашкевіч, агенцтваў «Associated Press» Сяргея Грыца і Васіля Фядосенку з «Reuters», супрацоўніка прэс-службы А.Казуліна Андрэя Максімава. Па машыне Юр’я Радзівіла, зь якой паплечнікі Казуліна фатаграфавалі затрыманьне, невядомы чалавек у цывільным адкрыў агонь зь пісталета. Па выніках дня распачатыя крымінальныя справы на А.Казуліна (хуліганства) і Ю.Радзівіла (супраціў работнікам міліцыі, гвалтоўныя дзеяньні ці пагроза гвалтоўных дзеяньняў у дачыненьні да работнікаў міліцыі). Радзівіла затрымалі, калі ён прынёс заяву ў пракуратуру на чалавека ў цывільным, што страляў па ягонай машыне. У розных месцах Менску былі затрыманыя каля 60 прыхільнікаў А.Казуліна.

Увечары на сустрэчы з А.Мілінкевічам палкоўнік Дзьмітры Паўлічэнка, кіраўнік Спэцыяльнага аддзелу хуткага рэагаваньня, ударыў журналіста радыё «Свабода» Валер’я Каліноўскага. Удар дубінкай ад АМАПаўца атрымаў журналіст газэты «Белорусы и рынок» Генадзь Барбарыч. Перад пачаткам сустрэчы былі затрыманыя моладзевыя актывісты «Маладога фронту» Зьміцер Хведарук, Настасься Палажанка і яшчэ 8 чалавек: іх вывезьлі за горад і высадзілі.

З аэрапорту «Менск-2» дэпартавалі назад ва Ўкраіну кіраўнікоў украінскай грамадзянскай партыі «Пора» Ўладзіслава Каськіва, Сяргея Еўтушэнку і прэс-сакратара Марыяну Пачтар. Украінцаў затрымалі супрацоўнікі ўпраўленьня КДБ па барацьбе з тэрарызмам «Альфа». На афіцыйную ноту ўкраінскага МЗС беларускія дыпляматы адказалі, што ня будуць тлумачыць прычынаў дэпартацыі.

Суд у Ашмянах

2 сакавіка пракуратура Ашмянскага раёну накіравала ў суд справу Тацяны Клімовіч, зьбіральніцы подпісаў за А.Мілінкевіча. Яе вінавацяць у фальсыфікацыі: у яе падпісных лістах выявілі подпіс і пашпартныя зьвесткі чалавека, які памёр некалькі гадоў таму. Т.Клімовіч цьвердзіць, што гэта правакацыя.

Яшчэ трое зьбіральнікаў з ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча — Яўген Невядомскі, Вікторыя і Браніслаў Нурчынскія — атрымалі афіцыйныя папярэджаньні ад пракуратуры за парушэньні выбарчага заканадаўства: у некалькіх выпадках сямейнікі ставілі подпісы адзін за аднаго.

Берасьце

3 сакавіка міліцыянты з аўтаматамі затрымалі аўтамабіль, у якім ехалі Зьміцер Шыманскі й Дзяніс Турчаняк: на машыне быў прымацаваны плякат «Берасьце за Мілінкевіча». Актывістаў адпусьцілі пасьля паўгадзіннай гутаркі. Машыну Турчаняка 5 сакавіка міліцыянты спынялі двойчы, але затрымліваць і складаць пратакол не хацелі.

Газэту не пусьцілі да чытачоў

3 сакавіка ўвечары каля Дуброўны (Віцебская вобл.) міліцыянты затрымалі 2 аўтамабілі, якія везьлі з Смаленску 250-тысячны наклад спэцвыпуску недзяржаўнай газэты «Народная воля». Газэту даставілі ў Віцебск, дзе яе арыштавалі без складаньня пратаколаў «за парушэньне выбарчага заканадаўства». Нумар прысьвячаўся падзеям 2 сакавіка ў Менску.

Жлобін

5 сакавіка затрымалі моладзевага актывіста Эдварда Зелянкова падчас маляваньня графіці «За свабоду!», «За Мілінкевіча!». На яго склалі адміністрацыйны пратакол.

Рагачоў

6 сакавіка Рагачоўскі раённы суд аштрафаваў агітатара Ўладзімера Хадасевіча на 10 б.в. за распаўсюд буклетаў А.Мілінкевіча ў «неналежным для агітацыі» месцы: 26 лютага агітатара затрымалі каля цэнтральнага рынку Рагачова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?