Як паведамілі БелаПАН у пракуратуры горада, 14 красавіка прыкладна ў 23.48 на станцыі «Уручча» па неасцярожнасці на рэйкі ўпаў 30-гадовы жыхар пасёлка Бараўляны Мінскага раёна, які быў у стане алкагольнага ап'янення. З закрытай чэрапна-мазгавой траўмай ён шпіталяваны ў Мінскую абласную клінічную бальніцу.
На станцыі на некалькі хвілін было знята напружанне. Затрымкі ў руху цягнікоў не было.
***
Вы ўпалі на рэйкі — што рабіць
Калі цягнік набліжаецца, вам неабходна легчы ў жолаб паміж рэйкамі, пажадана галавой да цягніка і на жывот, прыціснуцца да зямлі і нахіліць галаву.
Калі цягніка няма, паклічце на дапамогу, папрасіце паведаміць пра здарэнне супрацоўнікам станцыі. І ідзіце па ходу руху цягніка ў пачатак платформы. Там ёсць паласатая перамычка паміж рэйкамі. Гэта адносна бяспечнае месца. Падавайце сігналы машыністу цягніка ліхтарыкам, экранам тэлефона або флікерам.
Ні ў якім разе не спрабуйце выкараскацца самастойна — наступіўшы на кантактную рэйку, што знаходзіцца з боку платформы, вы можаце загінуць ад удару электрычным токам.
Вы ўбачылі, што нехта ўпаў на рэйкі — клічце на дапамогу супрацоўнікаў станцыі, патлумачце пацярпеламу, што яму рабіць (легчы ў жолаб ці ісці ў пачатак платформы ў залежнасці ад сітуацыі). Не спрабуйце самастойна выцягнуць чалавека на платформу з боку кантактнай рэйкі.